Магілёўскія актывісты наведалі Шклоўскую калонію


У гэтай калоніі адбываюць пакаранне чацвёра ўдзельнікаў Плошчы – Мікалай Статкевіч, Аляксандр Класкоўскі, Зміцер Новік і Уладзімір Лобан.

Як распавяла “Белсату” актывістка грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Крысціна Шацікава, сустрэцца з кіраўніцтвам калоніі яны вырашылі пасля скаргаў сваякоў вязняў на парушэнне іхных правоў. Начальнік калоніі Сяргей Ермаліцкі пагадзіўся размаўляць толькі з прадстаўніком Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барысам Бухелем.

“Ён пацвердзіў, што Мікалай Статкевіч атрымаў працоўную траўму і часова вызвалены ад працы. На маю заўвагу, чаму за цяжкую працу перацягвання бярвення Мікалай Статкевіч атрымлівае ўсяго 18 000 руб., Сяргей Ермаліцкі сказаў, што з яго вылічваюць за харчаванне, утрыманне і ахову. Ведаеце, я недзе чытаў, што фашысты, калі вешалі падпольшчыкаў, бралі са сваякоў кошт вяроўкі”, – зазначае праваабаронца.

Як гаворыць Барыс Бухель, Сяргей Ермаліцкі вельмі абураны тою інфармацыяй, што з’яўляецца ў інтэрнэце ды незалежных медыях, бо, з ягоных словаў, правы палітычных не парушаюцца, ціску на іх няма, а спатканняў са сваякамі не даюць, бо вязні не пішуць адпаведных заяваў.

“Пераконваць гэтых людзей, што яны хлусяць, не было ніякага сэнсу. Яны нас папросту не чулі. Але ж кампаніі “Наш дом” дакладна вядома, што Змітра Новіка пазбавілі доўгатэрміновага спаткання праз тое, што ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, ад 4 жніўня не мае ніякіх звестак ад мужа. І гэта ўсё называецца – “правы вязняў выконваюцца”, – абураецца Крысціна Шацікава.

Дарэчы, Сяргей Ермаліцкі паабяцаў, што неўзабаве праблемы Марыны Адамовіч будуць вырашаныя – як толькі яна стане законнаю жонкаю Мікалая Статкевіча, яе адразу пусцяць на спатканне. Ён таксама запэўніў, што ў Шклоўскім ЗАГСе гатовыя зарэгістраваць гэты шлюб. “Спадзяюся, што Сяргей Ермаліцкі выканае свае абяцанні. Ва ўсялякім разе, мы і надалей будзем сачыць за лёсам шклоўскіх палітвязняў”, – зазначыла Крысціна Шацікава

Экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі, Аляксандр Класкоўскі – на 5 гадоў, Зміцер Новік і Уладзімір Лобан атрымалі 3 з паловаю і 3 гады адпаведна. Адпраўляць лісты вязням можна на адрас: 213004, Магілёўская вобл, г. Шклоў, ПТК № 17.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары