Пахаванне Руслана Салея супадае з Днём гораду


Менскія ўлады не адмянілі святочных імпрэзаў з нагоды авіякатастрофы, дзе загінулі найлепшыя беларускія хакеісты. Дзень гораду ў Менску штогод адзначаецца ў другую суботу верасня.

Але сёлета напярэдадні свята адбылася трагедыя, пра якую толькі і гавораць – у авіякатастрофе ля Яраслаўля ў Расеі загінулі хакеісты “Лакаматыва”, што ляцелі ў Менск. І сярод ахвяраў – беларусы Руслан Салей, Сяргей Астапчук, Мікалай Крываносаў.

Развітанне з Русланам Салеем пройдзе ў будынку ХК “Юнацтва”, што ў парку Горкага. У гэтым самым парку будуць музычныя і забаўляльныя імпрэзы. Запланаваны на 10 верасня бой падушкамі пройдзе ў парку Горкага ў нядзелю, 11 верасня, з 18:00 да 22:00.

Але свята разгарнецца па ўсім горадзе. Гэта пацвердзілі ў кіраўніцтве культуры Менгарвыканкаму. “Жалобныя мерапрыемствы прайшлі ўчора ў “Менск-арэне”. Тыя, хто спачувае родным, могуць прынесці кветкі да будынку, а таксама прысутнічаць на Усходніх могілках, дзе будзе пахаваны Руслан Салей у суботу”.

Тым часам фанаты Салея просяць ушанаваць яго імем найбуйнеюшую лядовую пляцоўку ў Менску. А галоўны трэнер ХК “Юнацтва” Міхаіл Захараў адзначае: “Салей быў найлепшым хакеістам за ўсю гісторыю Беларусі. Ён правёў 12 гадоў у НХЛ. Такіх хакеістаў яшчэ доўга не з’явіцца. Мы прынялі рашэнне стварыць турнір у ягоны гонар”.

belsat.eu

Стужка навінаў