Міліцыя: Не бойцеся пляскаць у ладкі


Менская міліцыя не стане забараняць апладысменты 10 верасня падчас святкавання Дня гораду.

“Не трэба нікому баяцца апладзіраваць. Калі для гэтага ёсць падстава – калі ласка, пляскайце ў ладкі, няма ніякіх пытанняў. Ніякай праблемы няма”, – цытуе першага намесніка начальніка кіраўніцтва аховы правапарадку і прафілактыкі Міністэрства ўнутраных справаў Івана Кубракова інфармацыйнае агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Сёлета ўлетку ў Менску і рэгіёнах краіны ў серады праходзілі грамадзянскія акцыі пратэсту, якія медыі назвалі “маўклівымі акцыямі”. Людзі, не задаволеныя сітуацыяй у краіне, збіраліся ў цэнтрах гарадоў і населеных пунктаў, каб моўчкі папляскаць у ладкі, выказваючы гэтак сваю грамадзянскую пазіцыю. Падчас акцыяў міліцыя і людзі ў цывільным затрымалі тысячы чалавек, шмат з іх пакаралі арыштамі ды штрафамі.

Начальнік кіраўніцтва аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менскага гарвыканкаму Юрый Сарокін паведаміў, што ў выходныя ў месцах масавых імпрэзаў будзе працаваць больш за сто прапускных пунктаў. Пры неабходнасці колькасць уваходаў і выхадаў можа быць павялічаная. Ягоныя словы прыводзіць інфармацыйнае агенцтва БелТА.

З нагоды святаў у суботу 10 верасня з 7.00 да 22.00 будзе перакрывацца рух і ўводзіцца часовая забарона на паркоўку на вул. Рэвалюцыйнай і на вул.Камсамольскай (ад вул. Няміга да вул. Інтэрнацыянальнай).

Юрый Сарокін таксама нагадаў, што ў Дзень гораду ў парку Перамогі адбудзецца традыцыйны феерверк. У гэты час будзе дазволена паркаваць транспарт на вул. Арлоўскай і на адным з адрэзкаў пр. Пераможцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў