Сяргей Пеляса ў “Гарачым каментары”


“Гарачы каментар” вяртаецца з вакацыяў! Свой пяты тэлевізійны сезон распачынае першы незалежны беларускі тэлеканал “Белсат” – адзіны канал у тэлевізійнай прасторы Беларусі, не цэнзураваны органамі ўлады. Тут працуюць прафесійныя журналісты, а не прапагандысты. А таму гэтаю восенню – самыя актуальныя ды аператыўныя навіны ў выданнях “Аб’ектыву”, бягучая аналітыка ў “Гарачым каментары” ды падсумаванне ў “Зоне свабоды”. Мноства дакументальных ды гістарычных фільмаў, бескампрамісныя інтэрв’ю з цікавымі ды ўплывовымі ў грамадстве людзьмі. Ды шмат іншага. Усё гэта – па-беларуску і без цэнзуры!

Паводле звестак сацыялагічнага цэнтру “Зеркало-Инфо”, напрыканцы снежня 24 % хатніх гаспадарак Беларусі маюць спадарожнікавую талерку. Яны прымаюць вялікую колькасць украінскіх і расейскіх забаўляльных ды інфармацыйных праграмаў, аднак толькі “Белсат” дасць якасную і грунтоўную інфармацыю пра падзеі у Беларусі. Мы прапаноўваем нашым гледачам таксама мастацкія фільмы і забаўляльныя праграмы.

“У новым тэлевізійным сезоне вяртаюцца ўсе самыя папулярныя палітычныя і эканамічныя праграмы, такія, як “Асабісты капітал”, “Сальда”, праграмы з цікавымі гасцямі, “2 на 2”, “ПраСвет”, які паказвае міжнародныя падзеі з гледзішча беларусаў. Але “Белсат” – гэта не толькі інфармацыйны канал. Мы намагаемся выбіраць серыялы і мастацкія фільмы менавіта пад нашага гледача”, – паведаміў рэдактар праграмнага сакратарыяту “Белсату” Сяргей Пеляса.

Акрамя гэтага, у новым сезоне вяртаецца першая вядоўца “Аб’ектыву” Аліна Коўшык – яна будзе весці інфармацыйнае выданне і “Прасвет”. Журналісты Беларускай рэдакцыі радыё “Свабода” Аляксандр Лукашук і Юрый Дракахруст прэзентуюць праграму “Зона свабоды”.
«Белсат» ажыццяўляе трансляцыю праз спадарожнікі «Астра 4А» (былы «Сірыус») і «Астра 1КР» з 7:00 да 00:20. Раніцаю наступнага дня з 7:00 адбываецца паўтор вечаровага блоку. Большасць праграмаў і фільмаў «Белсату» даступныя для прагляду он-лайн на сайце тэлеканалу www.belsat.eu.

Стужка навінаў