“Камяніца” сустракае гасцей


Аматары беларускай музыкі сабраліся сёння ў вёсцы Азярцо, што пад Менскам. Фестываль “Камяніца” ўжо трэці год запар праходзіць у Музеі народнай архітэктуры і побыту. Менавіта тут сабраныя экспанаты традыцыйнай беларускай культуры з усёй краіны.

Сам музей выглядае як сапраўдная вёска – з хатамі, царквою, шынком. Шмат якія беларускія песні ды кліпы здымаюць менавіта тут. Але сёння ў Азярцы сабраліся паслухаць музыку ды патанчыць. Гэдлайнер свята – знакаміты ўкраінскі музыкант Алег Скрыпка з гурта “Воплі Відоплясова”. “Мы запрасілі Алега яшчэ і таму, што ён вядомы прапагандыст украінскай культуры, – кажа арганізатар Сяргей Чыгрынец. – Ягоная любоў да роднай культуры і тое, як ён прыцягвае маладое пакаленне шанаваць сваю спадчыну, вельмі паказальна для нас, беларусаў”.

Апроч Скрыпкі, на фэсце выступяць “Троіца”, “Osimira”, фальклорныя калектывы рэгіёну. Усе грошы, выручаныя ад квіткоў, пойдуць на патрэбы музею. Дырэктарка Святлана Лакатко адзначае, што людзі загадзя цікавіліся, ці будзе сёлета фестываль. “Да нас прыязджаюць цэлымі сем’ямі. Уваходны квіток каштуе ўсяго 10 тыс. руб. для дарослых і 5 тыс. руб. для дзяцей. Наведнікам у нас падабаецца, бо музей на свежым паветры, часта прыязджаюць на фотасесіі”.

Для гасцей у нацыянальных строях уваход зрабілі вольны. Арганізатары спадзяюцца, што фестываль «Камяніца» будзе спрыяць развіццю нацыянальнай культуры і адраджэнню беларускіх музычных традыцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў