Кітайскія інвестары зацікавіліся нафтахімічнаю прамысловасцю


Паводле папярэдняй дамовы, менавіта ім давераць рэканструкцыю на прадпрыемствах “Горадня Азот”, “Палімір” і “Нафтан”.

Перамовы з кітайскімі бізнесоўцамі праводзіў асабіста віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Як вядома, дагэтуль ён працаваў амбасадарам Беларусі ў КНР і цяпер актыўна лабіруе кітайскія праекты ва ўрадзе. Як паведамляе прэсавая служба Савету Міністраў, на сустрэчы з прадстаўнікамі буйных кітайскіх карпарацыяў абмяркоўваўся план будаўніцтва новага заводу вытворчасці кальцыянаванай соды магутнасцю 300 тыс. тон за год і перспектывы ўдзелу ў гэтым праекце кітайскай кампаніі як прамога інвестара. “Кітайскі бок выказаў зацікаўленасць і ў іншых буйных праектах нафтахімічнай галіны Беларусі, такіх, як будаўніцтва новага азотнага комплексу і рэканструкцыя заводаў “Палімір” і “Нафтан”, – інфармуе прэсавая служба. – Бліжэйшым часам спецыялісты карпарацыяў пачнуць вывучаць тэхнічны складнік праектаў, адначасова прапрацоўваецца схема іх фінансавання”. Нагадаем, што ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі менавіта супраць прадпрыемстваў “Горадня Азот” і “Нафтан” (“Палімір” уваходзіць у склад “Нафтану”).

З прыцягненнем кітайскага капіталу ў Менску сёлета ўжо разгарнулася будаўніцтва жылога комплексу “Лебядзіны”. Інвестыцыі ў гэты аб’ект ацэньваюцца на 200 млн долараў. У гэтым годзе ў Беларусі плануецца таксама пачаць будаўніцтва 5-зоркавага гатэльнага комплексу “Пекін” з прыцягненнем наўпроставых кітайскіх інвестыцыяў у памеры 150–200 млн долараў. Апроч таго, запланаванае будаўніцтва з удзелам кансорцыуму кітайскіх кампаніяў шматпрофільнага інфармацыйна-гандлёва-дзелавога цэнтру “Чайна-таўн”, на што пойдзе 300–350 млн долараў з Кітаю. Не менш за 1 млрд долараў наўпроставых кітайскіх інвестыцыяў будзе прыцягнута на стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку.

“Белсат” пацікавіўся ў эксперта, наколькі стабільныя кітайскія інвестары і якія перспектывы беларуска-кітайскай супрацы. “Улады досыць актыўна падтрымліваюць сувязі з кітайскімі інвестарамі, адмыслоўцы з Кітаю, паводле прэзідэнта, цяпер аналізуюць беларускі рынак і даюць парады дзеля стабілізацыі фінансавай сітуацыі, – апавядае інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін. – Інвестараў з Кітаю, у адрозненне ад еўрапейскіх калегаў, не хвалююць пытанні правоў чалавека, напрыклад, і іхняя краіна ніколі не пойдзе на санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, таму актыўнасць бізнесоўцаў з КНР будзе толькі павышацца”.

belsat.eu

Стужка навінаў