Пратасеня: Не рабіце з мяне ні героя, ні здрайцы


Вызвалены палітвязень распавёў журналістам “Белсату”, што напісаў на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні, у якім прызнаў сваю віну ды пакаяўся. “Усё тое ж самае я казаў і на судзе. Мая віна ў тым, што раззброіў міліцыянта – забраў у яго шчыт, наносіў удары па шчытах”, – дадаў Андрэй Пратасеня.

Яму прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні раней – напярэдадні 11 жніўня, калі сваім указам Лукашэнка вызваліў 9 палітвязняў, аднак Андрэй Пратасеня адмовіўся гэта зрабіць. “Чаму я спачатку адмовіўся, а потым пагадзіўся – цяжка патлумачыць. Проста прыміце гэта як факт. Не трэба з мяне рабіць героя, не трэба з мяне рабіць здрадніка. Каб гэта патлумачыць – трэба кнігу напісаць”, – заявіў Андрэй Пратасеня.

“Героі – тыя, хто не прызнаў сваёй віны ў тым, чаго яны не здзейснілі. І яны не здраджваюць свайму імю, сумленню і стаяць да канца. Я захапляюся Мікітам Ліхавідам – у газеце пісалі, што ён адкрыта супрацьстаіць гэтай сістэме. Я ім захапляюся, ён захаваў свой гонар і сумленне”, – дадаў Пратасеня.

Учора на волю вышлі чатыры палітвязні: Алесь Кіркевіч, Зміцер Даронін, Алег Гнедчык ды Андрэй Пратасеня. Паводле прэсавай службы прэзідэнта, адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў пасля разгляду прашэнняў гэтых грамадзянаў. “Асуджаныя заявілі, што раскайваюцца, прызнаюць віну і супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў і гатовыя надалей строга трымацца заканадаўства Беларусі”, – гаворыцца ў паведамленні.

belsat.eu

Стужка навінаў