Вольга Бандарэнка: Мы больш за ўсё баяліся этапавання


Як паведаміла “Белсату” дачка палітвязня Юлія Бандарэнка, ейнага бацьку звезлі з турэмнага шпіталю ў Магілёўскую калонію ўвечары 31 жніўня. Жонка і адвакат палітвязня збіраюцца наведаць калонію 6 верасня, бо іх непакоіць, як вязень перанес этапаванне.

Пасля аперацыі на хрыбетніку Змітру патрэбная доўгатэрміновая рэабілітацыя, інакш ён можа застацца інвалідам. Этапаваць Змітра Бандарэнку маюць у асаблівым рэжыме – асобна ад іншых зняволеных, на насілках. Вольга Бандарэнка і адвакат палітвязня збіраюцца высветліць, ці выконваліся гэтыя рэкамендацыі медыкаў.

Лідар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бандарэнка на апошніх прэзідэнцкіх выбарах быў даверанаю асобаю кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Яго асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі. У турме ў Змітра Бандарэнкі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем: чатыры кілы дыскаў хрыбетніка, ушчамленне трох спіннамазгавых нерваў. Напрыканцы ліпеня вязню зрабілі складаную аперацыю.

Падчас перабывання ў шпіталі Зміцер Бандарэнка напісаў заяву на імя начальніка СІЗА. Ён папрасіў, каб паводле стану здароўя яму змянілі пакаранне на больш мяккае, бо траціну тэрміну зняволення ён ужо адбыў. Пра вызваленне вязня неаднаразова хадайнічалі праваабаронцы, еўрапейскія палітыкі, а таксама ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, чальцом якой ёсць Зміцер. Адпаведны ліст на адрас Адміністрацыі прэзідэнта быў накіраваны 31 жніўня. У ім БАЖ звярнула ўвагу на тое, што “далейшае адбыванне пакарання можа самым негатыўным чынам адбіцца на стане ягонага здароўя”.

belsat.eu

Стужка навінаў