Фільм пра абаронцаў Палесся ў верасні 1939 г. (відэа)


5 кастрычніка 1939 г., праз 35 дзён пасля нападу на Польшчу Адольф Гітлер, прымаў парад сваіх войскаў у захопленай Варшаве. У той жа дзень каля 100 км на поўдзень ад польскай сталіцы дзве нямецкія дывізіі працягвалі біцца з праціўнікам… якога не магло быць. Гэта польскі генерал Францішак Клеэбэрг, камандуючы аператыўнаю групаю “Палессе”, са сваімі жаўнерамі прабіваўся з-за Буга да Варшавы, а калі яна пала, скіраваўся на вайсковыя склады ў Дэмбліне.

Клеэбэрг у верасні 1939 г. арганізоўваў абарону Палесся ад гітлераўцаў на лініі Мухавец–Прыпяць. Фармаванні, якія былі пад ягоным камандаваннем, фармаваліся ў Кобрыні, Пінску, Берасці, Драгічыне, і ў іх было шмат этнічных беларусаў. У сярэдзіне першага месяца вайны гітлераўцы перакрочылі Буг. Ля Кобрыня іх затрымалі. Пасля неспадзяванага нападу Савецкага Саюзу на Польшчу 17 верасня сітуацыя для абаронцаў Палесся стала безнадзейнаю. Генерал Клеэбэрг загадаў сваім жаўнерам кіравацца на дапамогу Варшаве, якая ў тыя дні яшчэ зацята баранілася.

Фільм “Генерал Клеэбэрг і яго жаўнеры”, зняты TVP у 2007 г., распавядае пра невядомыя ў Беларусі старонкі першых тыдняў Другой сусветнай вайны, якая для тысяч беларусаў пачалася не ў 1941 г., а на два гады раней. Гэта аповесць пра польскага генерала, які апошнім склаў зброю 6 кастрычніка 1939 г. Гэта гісторыя ягоных жаўнераў – палякаў і беларусаў, якія не саступілі аніводнай бітвы. Памяць пра іх у часы камунізму замоўчвалі ды фальсіфікавалі.

Глядзіце на “Белсаце” 1 верасня а 21:40. Паўторы 2 верасня а 09:50 і а 18:35, а таксама 3 верасня а 8:20.

Стужка навінаў