Лукашэнка: Курс адпусцім з верасня, валюта – толькі паводле пашпарту


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ад сярэдзіны верасня на валютна-фондавай біржы адкрыецца дадатковая сесія, на якой курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапановаю.

“Мы штучна падтрымліваць курсу не плануем”, – словы кіраўніка Беларусі на нарадзе ў сацыяльна-эканамічных пытаннях 30 жніўня цытуе агенцтва “Интерфакс-Запад”.

Між тым, паводле Лукашэнкі, “на асноўнай сесіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты за газ, электраэнергію ды на іншыя неадкладныя выплаты”. У сувязі з гэтым ён паведаміў, што ім падпісаны ўказ, які скасоўвае “ўсялякія льготы адносна абавязковага продажу валюты”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што “ўсе абменныя пункты банкаў пасля адкрыцця дадатковай сесіі абавязаныя будуць праводзіць набыццё і продаж валюты насельніцтву паводле рынкавага курсу”. З ягоных словаў, “усім жадаючым купіць валюту, ад чаго гэтак стогне насельніцтва і асабліва – у горадзе-героі Менску, магчымасць такая будзе дадзеная”.

Пры гэтым валюту насельніцтву будуць прадаваць паводле пашпарту. Лукашэнка даручыў Нацбанку не пазней за кастрычнік увесці электронную базу ўліку – “гэтак, як гэта робяць у свеце”.

Ён заявіў, што “ў насельніцтва на сённяшні дзень на руках, згодна з ацэнкаю Нацбанку, больш за 7 млрд долараў. У гэтай сувязі даручаю Нацбанку стварыць такія эканамічныя ўмовы, каб людзі прыносілі грошы ў фінансавую сістэму. Я нават гатовы разгледзець захады дзеля амністыі капіталу”, – заявіў кіраўнік краіны.

Цяпер у Беларусі выкарыстоўваюцца прынамсі тры абменныя курсы: афіцыйны курс НББ (Br 5065 / $ 1 на 30 жніўня), “ценявы” безнаяўны (каля Br 9000–10 000 / $ 1), “ценявы” наяўны (на ўзроўні Br 8500–9000 / $ 1).

Паводле афіцыйнага курсу на біржы валюту могуць купіць з дазволу Нацыянальнага банку толькі імпарцёры медыкаментаў, “Белтрансгаз” для разлікаў за газ і, у выпадку задавальнення гэтых заявак, – юрыдычныя асобы, што выплачваюць валютныя крэдыты.

Уніфікацыя курсу, у прыватнасці, ёсць умоваю для выдавання Беларусі чарговага траншу крэдыту ЕўрАзЭС на $ 440 млн. На больш хуткім пераходзе да сфармаванага згодна з рынкавымі прынцыпамі адзінага курсу беларускага рубля настойвае Міжнародны валютны фонд.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў з кастрычніка ўвесці механізм продажу валюты насельніцтву пасля прад’яўлення пашпарту.

belsat.eu

Стужка навінаў