Апазіцыя абмяркуе як мінімум тры сцэнары. Без прэсы


Лідары апазіцыйных партыяў і рухаў маюць намер сабрацца 30 жніўня, каб абмеркаваць магчымасці дыялогу з уладамі. Сустрэча плануецца ў другой палове дня ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі без удзелу медыяў.

29 жніўня Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў Менску на нарадзе педагагічнага актыву, прапанаваў “усім разумным і тым, хто любіць сваю краіну людзей, да якога б палітычнага лагеру яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне”.

Як паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, на гэты момант свой удзел у сустрэчы пацвердзілі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, рухаў “За свабоду” і “Гавары праўду!”, аргкамітэту ў стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. “Мы мусім выпрацаваць сваю пазіцыю адносна заявы Лукашэнкі, а таксама падрыхтаваць план дзеянняў у выпадку развіцця розных сцэнароў”, – адзначыў лідар АГП.

На думку Лябедзькі, магчымыя прынамсі тры сцэнары наступных дзеянняў уладаў. “Першы – тое, што мы ўжо праходзілі: спроба шырокага дыялогу, калі не зразумела, з кім наагул ён вядзецца і якія пытанні абмяркоўваюцца. Другі – спроба рэанімаваць Грамадска-кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта. І трэці – рэальныя перамовы, як гэта ўжо было ў канцы 1990-х пры пасярэдніцтве Віка (Ганс-Георг Вік – былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску)”, – мяркуе палітык.

Пры гэтым ён заявіў: перамовы паміж уладамі ды апазіцыяй не могуць распачацца, пакуль застаюцца ў турмах фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

Учорашнюю заяву Лукашэнкі лідар АГП пакуль расцэньвае як “зробленую адмыслова для Міжнароднага валютнага фонду”. “Ці былі гэта проста слова ці рэальная гатовасць да дыялогу, мы пабачым у самы бліжэйшы час”, – дадаў Анатоль Лябедзька.

На пасяджэнні 29 жніўня Рада дырэктараў МВФ мела разглядаць заяўку Беларусі на выдачу крэдыту ад $ 3,5 да 8 млрд. Пра вынікі паседжання пакуль не паведамляецца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары