Міністэрства фінансаў не губляе аптымізму: Чакаем траншы


Беларусь чакае ў лістападзе 2011 г. паступленне другой траншы крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

Пра гэта 29 жніўня паведаміў журналістам міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, перадае агенцтва БЕЛТА. «Мы чакаем чарговай траншы крэдыту ЕўрАзЭС у лістападзе памерам 440 мільёнаў долараў», – сказаў Андрэй Харкавец.

Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця аб выданні Беларусі крэдыту са сродкаў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС падпісанае 9 чэрвеня 2011 г.

Агульны аб’ём крэдыту – $ 3 млрд. Пагадненне прадугледжвае паступленне сродкаў у Беларусь шасцю траншамі цягам 2011–2013 гг. Першая транша памерам $ 800 млн была адпраўленая ў Беларусь 21 чэрвеня. Агульная сума крэдыту ў 2011 г. складзе $ 1,24 млрд. Астатняя сума будзе выдавацца роўнымі траншамі двойчы на год цягам 2012–2013 гг.

Паводле разлікаў ураду, плацяжы Беларусі па крэдыце не павінны перавысіць 4,9 % гадавых. Крэдыт выдаецца на тэрмін 10 гадоў з трыма гадамі мараторыю на пагашэнне асноўнай пазыкі.

Атрыманыя сродкі пойдуць на падтрыманне распрацаванай урадам і Нацыянальным банкам праграмы захадаў эканамічнай палітыкі дзяржавы на сярэднетэрміновую перспектыву, то бок на папаўненне міжнародных рэзервовых актываў і фінансаванне дэфіцыту плацежнага балансу Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў