Праваабаронца пашкадаваў нападніка, які яго параніў


Мужчыну, які напаў на праваабаронцу з нажом, прызначылі штраф – 10 базавых велічыняў. Пацярпелы не збіраецца абскарджваць рашэння.

Пра гэта “Белсату” паведаміла ягоная жонка Святлана Лапіцкая. На судзе яна была сведкаю.

22 жніўня ў Жодзінскім гарадскім судзе праходзіў адміністратыўны працэс у справе аб злачынным нападзе на праваабаронцу Аляксея Лапіцкага, які здзейсніў грамадзянін Якаўцоў. Апошні параніў пацярпелага нажом у правую руку.

Суд вынес Якаўцову мінімальна прадугледжаны адзначаным артыкулам прысуд: штраф 10 базавых велічыняў (350 тыс. руб.). Жонка пацярпелага Святлана выступала на судзе сведкаю.

Яшчэ раней спадар Якаўцоў агрэсіўна выказваўся на адрас сям’і Лапіцкіх з-за таго, што тыя – апаненты дзейнага палітычнага рэжыму ў краіне. Святлана і Аляксей лічаць, што справу не расследавалі належным чынам, але кажуць, што не будуць абскарджваць рашэння суда.

“Рэч у тым, што чалавек, які напаў на Аляксея, – пенсіянер. Таму для яго будзе адчувальная і гэтая сума. Наступным разам ён задумаецца, ці варта кідацца на чалавека. Іншае пытанне, што той самы суддзя, М. Самойла, два месяцы таму без ваганняў асудзіў Аляксея на пяць содняў за стаянне з плакатамі ў цэнтры Жодзіна. А за тое, што чалавек кідаецца з нажом, дае толькі штраф”, – патлумачыла “Белсату” Святлана Лапіцкая.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары