Сухаў: Дастаткова 2–3 машынаў, каб пачалася акцыя пратэсту


На меркаванне намесніка старшыні інфармацыйна-даследчай установы «За аўта» Фёдара Сухава, на нешматлікасць удзельнікаў акцыі паўплывалі некалькі фактараў. «Цяпер лета, сезон адпачынку, шмат хто з’ехаў у вёскі, каб прывесці дзяцей з вакацыяў да пачатку навучальнага года. Да таго ж павышэнне коштаў на паліва было нязначным, дый адбылося яно два дні таму», – патлумачыў Фёдар Сухаў.

Ён зазначыў таксама, што ўлады прыкладаюць шмат намаганняў, каб не пусціць аўтааматараў на праспект. «Дастаткова, каб на праспект выехалі 2–3 машыны і ўключылі «аварыйкі», да іх адразу ж далучацца сотні аўтааматараў. Улады гэта цудоўна разумеюць, таму і перакрываюць галоўныя вуліцы сталіцы. А звонку выглядае, што акцыя нібыта не адбылася», – заявіў прадстаўнік «За аўта». Фёдар Сухаў гаворыць, што сітуацыя, калі ўлада не жадае слухаць свой народ, можа для гэтай улады дрэнна скончыцца.

Самога Фёдара Сухава прэвентыўна затрымалі за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі. Яго даставілі ў Цэнтральны РАУС нібыта з-за таго, што ягонае аўта ўдзельнічала ў ДТЗ. «Забралі нават мой мабільны, думалі, што па ім буду кіраваць акцыяй, але за гэтыя тры гадзіны патэлефанавалі толькі жонка і дзіця», – распавёў ён «Белсату» падрабязнасці затрымання. Фёдара Сухава выпусцілі з РАУС а 20:30, калі акцыя ўжо скончылася.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары