Лівійскія паўстанцы захапілі Трыпалі


Лівійскія паўстанцы заяўляюць, што кантралююць большасць раёнаў лівійскай сталіцы Трыпалі.

Раніцаю ў панядзелак, 22 жніўня, распачаліся жорсткія баі вакол рэзідэнцыі Муамара Кадафі ў Трыпалі, паведамляе агенцтва “Интерфакс-Запад” са спасылкаю парыжскія медыі. Баі паміж узброенымі апазіцыянерамі ды прыхільнікамі лівійскага лідара адбываюцца таксама на поўдні гораду.

Са свайго боку тэлеканал “Аль-Джазійра” інфармуе, што з тэрыторыі ўрадавага комплексу Баб аль-Азізія, дзе месціцца рэзідэнцыя Кадафі, выехаў танк. Цяпер ён вядзе агонь па пазіцыях апазіцыянераў у Трыпалі.

Паводле “Интерфакс-Запад”, тэлекампанія CNN адзначае, што гэты ўрадавы комплекс быў амаль цалкам разбураны падчас авіяўдараў НАТО, і бой за кантроль над ім важны не ў стратэгічным, а хутчэй у сімвалічным плане. У той жа час агенцтва цытуе парыжскія медыі, паводле якіх дыктатар дагэтуль застаецца ў сваёй рэзідэнцыі.

На галоўнай плошчы Трыпалі ўсю ноч працягвалася шматтысячная дэманстрацыя праціўнікаў рэжыму Кадафі. Сын лівійскага лідара Саіф аль-Іслам Кадафі арыштаваны і паўстане перад Міжнародным крымінальным судом. Ягоны брат, Мугамад Кадафі, застаецца пад хатнім арыштам. Лёс самога палкоўніка Кадафі пакуль невядомы.

Раней тэлеканал “Аль-Джазійра” перадаў словы паўстанцаў пра тое, што яны кантралююць увесь горад за выключэннем комплексу Баб-аль-Азізія. Трыпалі захапілі пасля шасці месяцаў грамадзянскай вайны.

belsat.eu

Стужка навінаў