ЗША расчараваныя «ядравым адказам» Беларусі


ЗША выказалі расчараванне рашэннем Беларусі не ўдзельнічаць у супольных праектах утылізацыі ўранавай сыравіны, што засталася ў краіне з савецкіх часоў. Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што спадзяецца на выкананне Менскам абавязацельстваў у ліквідацыі высокаўзбагачанага ўрану, што ёсць «унёскам у гарантаванне глабальнай бяспекі», перадае Бі-бі-сі.

Напрыканцы 2010 г. улады Беларусі дамовіліся з ЗША вывезці са сваёй тэрыторыі запасы высокаўзбагачанага ўрану да 2012 г. Аднак 19 жніўня Беларусь у адказ на санкцыі Вашынгтону заявіла аб прыпыненні працы над супольнымі з ЗША праектамі вывазу высокаўзбагачанага ўрану.

«Беларускі бок лічыць рашэнне ўраду ЗША аб увядзенні эканамічных абмежавальных захадаў да Рэспублікі Беларусь неабгрунтаваным і неправамерным крокам», – гаворыцца ў каментары прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

11 жніўня сёлета Міністэрства фінансаў ЗША ў звязку з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі ўвяло санкцыі супраць чатырох беларускіх прадпрыемстваў: «Нафтану», «Горадня Азоту», «Горадня Хімвалакна» і «Белшыны». Грамадзянам ЗША забараняецца ўдзельнічаць у камерцыйных або фінансавых угодах з гэтымі кампаніямі, а любыя іх магчымыя актывы пад юрысдыкцыяй ЗША замарожваюцца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары