Аляксандр Класкоўскі зарабляе ад 5000 да 7000 рублёў на месяц


Гэтак у Шклоўскай калоніі аплочваюць адну з самых цяжкіх працаў – перацягванне бярвення для папяровага камбінату.

“Саша сказаў, што гэта лічыцца вельмі высокім заробкам, бо некаторыя атрымліваюць усяго 700 рублёў на месяц”, – распавяла “Белсату” жонка палітвязня Наталля Класкоўская. Сёння пасля працяглага перапынку жанчына змагла паразмаўляць з мужам па тэлефоне: Аляксандр нечакана патэлефанаваў а дзявятай раніцы.

Паводле спадарыні Наталлі, Аляксандр найперш цікавіўся дзецьмі. Ён паведаміў, што напісаў заяву на спатканне ў жніўні, а намеснік кіраўніка калоніі папярэдне сказаў, што нібыта не супраць. Аляксандр Класкоўскі прызнаўся жонцы, што моцна сумуе па сям’і і вельмі хоча пабачыць яе і дзяцей.

Наталля Класкоўская гаворыць, што паразмаўляць шчыра не ўдалося – было чуваць, што за спінаю мужа нехта стаіць, кантралюе кожнае слова і прыспешвае яго. Аляксандр Класкоўскі паведаміў, што яго перавялі з 13-га атраду ў 10-ты. На пытанне жонкі, чаму гэтак адбылося, ён толькі ўсміхнуўся: “Каб весялей было”. Пра тое, што дзевяць “дзекабрыстаў” былі памілаваныя, Аляксандр ведае. Ён сказаў жонцы, што прасіць аб памілаванні не збіраецца – і адміністрацыя калоніі гэта добра ведае, таму да яго з такімі прапановамі не падыходзяць.

“Сказаў, што сталі больш-менш рэгулярна даходзіць лісты і прэса. Папрасіў выпісаць яму расейскую “Новую газету”, у якой працуе Ірына Халіп, а таксама даслаць якіх мюслі, бо турэмную ежу есці немагчыма”, – распавядае Наталля Класкоўская. Жанчына спадзяецца, што турэмная адміністрацыя пойдзе ім насустрач і дазволіць спатканне ў жніўні, бо ў верасні дзеці пойдуць у школу – і тады пабачыць бацьку ім будзе складана.

Аляксандр Класкоўскі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў быў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне палітвязень адбывае ў Шклоўскай калоніі. На волі засталіся жонка і трое няпоўнагадовых дзяцей. Лісты са словамі падтрымання вязню можна накіроўваць на адрас:

213004 Магілёўская вобл., г. Шклоў, папраўчая калонія № 17, атрад № 10. Класкоўскаму Аляксандру Аляксандравічу

belsat.eu

Стужка навінаў