Станіслаў Шушкевіч: Высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі амаль няма


Былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь называе пі-арам на пустым месцы заяву Міністэрства замежных справаў аб прыпыненні праектаў абмену высокаўзбагачаным ядравым палівам.

“Я не ведаю падрабязнасцяў гэтых праектаў, але з усёю адказнасцю магу заявіць: у Рэспубліцы Беларусь не было і няма высокаўзбагачанага ўрану ці плутонію, з якіх магчыма вырабіць ядравую бомбу, – кажа Станіслаў Шушкевіч. – І калі хтосьці з навукоўцаў заяўляе, што ў нас нешта ёсць, то гэта яны робяць праз страх страціць займаныя пасады, бо даўно сталі звычайнымі адміністратарамі”.

Са словаў спадара Шушкевіча, у краіне не было такой прамысловасці ды навуковай тэматыкі, дзе б спатрэбіліся падобныя даследаванні. Тыя ж “дробкі” высокаўзбагачанага паліва, што могуць быць у краіне, ніякай пагрозы ні для каго не ствараюць, дадае фізік-ядравік.

Са спадаром Шушкевічам згодны і былы прэзідэнт Нацыянальнай Акадэміі навук акадэмік Аляксандр Вайтовіч: “У нас матэрыялаў, што расшчапляюцца, настолькі мала, што на Амерыку падобныя заявы ніяк не паўплываюць”. Ён не выключае, што ад замарожвання праектаў пацярпець можам якраз мы, а не ЗША, у тым выпадку, калі гэтыя ўзгадненні прадугледжвалі выдаванне нейкіх сродкаў на даследаванні ў галіне ядравай фізікі.

У сваю чаргу генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядравых даследаванняў “Сосны” НАН Беларусі Вячаслаў Куўшынаў, заяўляе, што Беларусь такія запасы мае.

Паводле яго, вываз высокаўзбагачанага ядравага паліва ў Расею быў прадугледжаны так званым мемарандумам Клінтана – Мартынава. За вывезеныя ў Расею запасы высокаўзбагачанага ядравага паліва Беларусь атрымала такі ж аб’ём “унікальнага” нізкаўзбагачанага ядравага паліва “выключнай якасці”.

Адмысловец адмовіўся назваць аб’ём запасаў высокаўзбагачанага ядравага паліва ў Беларусі. Паводле ягоных словаў, гэта інфармацыя, якая “не надаецца для публікацыі”.

Паводле Куўшынава, факт замарожвання Беларуссю праектаў у абмене высокаўзбагачаным ядравым палівам з ЗША на планах навукоўцаў не адаб’ецца. “Мы нашыя навуковыя працы як вялі, так і вядзем”, – сказаў ён. У выпадку нармалізацыі дачыненняў з ЗША навукоўцы гатовыя аднавіць працу дзеля вывазу высокаўзбагачанага ядравага паліва, адзначыў Куўшынаў.

Нагадаем, сёння стала вядома аб рашэнні Беларусі замарозіць праекты ў абмене высокаўзбагачаным ядравым палівам з ЗША. Яно прынятае ў адказ на ўвядзенне Злучанымі Штатамі эканамічных санкцыяў.

“Увядзенне новых амерыканскіх эканамічных санкцыяў ідзе супраць духу ўзаемадзеяння і супрацы. У гэтых умовах беларускім бокам прынятае рашэнне аб замарожванні праектаў у абмене высокаўзбагачаным ядравым палівам, якія цяпер прапрацоўваюцца супольна з ЗША ў межах ініцыятывы дзеля зніжэння глабальнай пагрозы, а таксама дзеля стварэнні праграмы МBА пры Беларускім дзяржаўным універсітэце”, – заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Belsat.eu

Стужка навінаў