Тамара Сідарэнка пазбаўленая ліцэнзіі


Адваката, якая абараняла Уладзіміра Някляева, пазбавілі ліцэнзіі. Гэта адбылося на паседжанні кваліфікацыйнай камісіі ў пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 16 жніўня.

Сёння, 17 жніўня, адвакат Тамара Сідарэнка мела праходзіць пазачарговую атэстацыю разам з адвакатамі юрыдычнай кансультацыі Ленінскага раёну Менску. Аднак, не чакаючы вынікаў працы атэстацыйнай камісіі, кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне аб спыненні дзеяння ейнай ліцэнзіі.

Ліцэнзіяў былі пазбаўленыя і іншыя адвакаты, што абаранялі удзельнікаў падзеяў 19 снежня. Сярод іх: А. Агееў, які бараніў А. Міхалевіча, ягоная маці адвакат Т. Агеева і жонка адвакат З. Залеўская, адвакаты У. Тоўсцік і Т. Гараева, якія баранілі І. Халіп. Адвакат Павел Сапелка, які бараніў А. Саннікава, быў выключаны са складу Менскай гарадской калегіі адвакатаў паводле прадстаўлення Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Раней на паседжаннях пазачарговых атэстацыйных камісіяў не былі атэставаныя адвакаты, якія мелі дачыненне да справы аб падзеях 19 снежня 2010 г.: Д. Ліпкіна, якая бараніла М. Ліхавіда, А. Бахціна, якая бараніла І. Халіп, а таксама А. Бурак, якая бараніла А. Класкоўскага і А. Лябедзьку. Разам з тым рашэнне кваліфікацыйнай камісіі ў пытаннях адвакацкай дзейнасці аб пазбаўленні іх ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць не прымалася.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары