Маўклівыя пратэсты заменяць онлайн-канферэнцыямі


Суполка сацыяльнай сеткі Вконтакте “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” распачынае серыю онлайн-канферэнцыяў. Заўтра, 12 жніўня, пройдзе першая, з удзелам сустаршыні аргкамітэта Народнага схода Віктара Івашкевіча.

Ён гатовы адказаць на ўсе пытанні аб мэтах, задачах і шляхах рэалізацыі Народных сходаў, якія 8 кастрычніка збіраюцца правесці па ўсёй Беларусі. Паводле Віктара Івашкевіча, гэта – “спроба выкарыстоўвання законных механізмаў дзеля таго, каб падняць на барацьбу за свае сацыяльныя, грамадзянскія і палітычныя правы дзесяткі, сотні і ўрэшце мільёны грамадзянаў Беларусі”.

Пытанні палітыку можна задаваць да 12 гадзінаў 12 жніўня.

Віктар Івашкевіч нарадзіўся ў 1959 г. у Менску. З пачатку 1980 гадоў – у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік “Майстроўні”, “Талакі”. З 1988 – у Беларускім народным фронце. Быў арганізатарам страйкамаў на менскіх прадпрыемствах у 1991 г. Шмат разоў падпадаў пад адміністрацыйныя пакаранні і арышты. У 1997-2002 г.г. быў рэдактарам газеты “Рабочы”. У кастрычніку 2002 году асуджаны на два гады за публікацыю артыкулу “Злодзей павінен сядзець у турме”, у якім пракуратура ўбачыла паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 г.

belsat.eu

Стужка навінаў