Не пляскаў, але ішоў. Суд не задаволіў скаргі аднарукага інваліда


Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі Канстанціна Капліна, асуджанага за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня.

Інваліда Канстанціна Капліна, які не мае правай рукі, затрымалі ў той дзень на Савецкай плошчы Горадні. Як вынікала з міліцэйскага пратаколу, ён «пляскаў у ладкі».

6 ліпеня гарадскі суд Горадні прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў незаконным шэсці і пакараў штрафам памерам 1,05 млн руб. Гэтае рашэнне Каплін абскардзіў у абласным судзе.

На судовым працэсе 9 жніўня суддзя Анатоль Заяц скаргі інваліда не задаволіў.

Канстанцін Каплін спадзяваўся, што абласны суд адменіць рашэнне гарадскога суда. «Здавалася б, дарослыя людзі павінны разумець усё глупства такіх вось рашэнняў», – сказаў ён.

Паводле інфармацыі гарадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава, за апошнія 10–12 гадоў ніводная скарга, якая так ці інакш мела палітычны характар, не была задаволеная.

За перыяд правядзення ў Беларусі штотыднёвых «маўклівых» акцыяў (з 8 чэрвеня да 27 ліпеня) па дапамогу да праваабаронцаў звярнуліся больш як 50 жыхароў Горадні, аштрафаваных за ўдзел у пратэстах.

Скаргі на раней вынесеныя прысуды ў Гарадзенскі абласны суд таксама падалі Аляксей Аляксандраў ды Ігар Грыгалец. Іх яшчэ не разгледзелі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары