Марадзёрства перакінулася з Лондану ў іншыя гарады


https://youtu.be/ZNRjDh1uTcE
Брытанскі прэм’ер-міністр Дэйвід Кэмэран (David Cameron) мусіў вярнуцца з адпачынку. Трэці дзень беспарадкаў у Лондане стаўся самым разбуральным. Рабаванні ды пажары ў брытанскай сталіцы пачаліся ў суботу, 6 жніўня.

Падпалы і марадзёрства зазналі таксама ў Бірмінгэм, Ліверпул, Манчэстэр і Брыстал.

У панядзелак, 8 жніўня, жорсткія сутыкненні моладзі з паліцыяй адбыліся на поўначы Лондану. Банды падлеткаў разбівалі вітрыны крамаў і рэстаранаў, падпальвалі аўтамабілі ды сметніцы. Пасля закалоты перакінуліся ў паўднёвую частку гораду. На паўднёвым усходзе Лондана падлеткі разграмілі крамы з мабільнымі тэлефонамі.

Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран перапыніў свой адпачынак і ўранку аўторка, 9 жніўня, склікаў паседжанне ўрадавага камітэту надзвычайных сітуацыяў (COBRA).

“Людзі не муцсяць сумнявацца, што мы зробім усё неабходнае, каб аднавіць парадак на вуліцах брытанскіх гарадоў і зрабіць іх бяспечнымі для тых, хто шануе закон. <…> Працаўнікі міліцыі, як заўсёды, выявілі неверагодную адвагу, змагаючыся з гэтымі бандытамі на нашых вуліцах. Але абсалютна відавочна, што на вуліцах мусіць быць больш, значна больш паліцыі, і нам патрэбныя яшчэ больш актыўныя дзеянні з яе боку, вось што мы абмяркоўвалі сёння раніцай у COBRA”, – сказаў Дэйвід Кэмэран.

Ён запэўніў, што замест шасці тысяч паліцыянтаў сёння ўвечары і ўначы ў Лондане будуць дзяжурыць 16 тысячаў.

Закалоты пачаліся ў суботу ў Тотэнгэме, на поўначы Лондану, дзе каля 300 чалавек сабраліся ля мясцовага паліцыйнага пастарунку, каб высветліць, як ідзе расследаванне гібелі 29-гадовага Марка Дагана (Mark Duggan), застрэленага паліцыянтам 4 жніўня.

Праваахоўнік, які застрэліў Дагана, таксама атрымаў раненне, прычым, як сцвярджае паліцыя, першым стрэліў маладзён.

Відавочцы кажуць, што марадзёры часцяком дзеюць арганізавана і перагаворваюцца адзін з адным праз радыёсувязь. Яны карыстаюцца тым, што паліцыя не ў стане супрацьстаяць масаваму злачынству, якое ахапіла Лондан.

Па стане на сярэдзіну аўторка падчас лонданскіх закалотаў арыштавалі 450 чалавек.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары