Дзяржаўнай дапамогі хопіць на адзін заплечнік


Менскія ўлады вырашылі дапамагчы шматдзетным сем’ям і вылучыць 25 долараў на падрыхтоўку да школы.

Некалькі дзён таму Менгарвыканкам падлічыў, што на тое, каб набыць усё неабходнае да навучальнага года, трэба патраціць ад 500 тыс. да 2 млн руб. Такія лічбы назваў начальнік упраўлення гандлю і паслугаў Менгарвыканкаму Андрэй Новікаў на прэсавай канферэнцыі 29 ліпеня.

Уласнікі крамаў кажуць, што канцылярскі бум пачаўся яшчэ ў канцы мінулага навучальнага года – у траўні. «Бацькі, напэўна, адчувалі, што праз тры месяцы ўсё падаражае, таму запасаліся загадзя, – патлумачыла дырэктарка крамы «Светач» Іна Еньчык. – Але пакупнікоў хапае і цяпер».

Яна паведаміла, што кошты на канцылярскія тавары ўзняліся ў сярэднім на 20–30 %: «Падаражалі сшыткі, альбомы, прычым як беларускія, так і расейскія – такая сітуацыя з усёй папяроваю прадукцыяй».

Кошты на адзенне таксама ўзняліся. Школьная форма беларускай вытворчасці каштуе цяпер ад 100 тыс. руб., летась такая самая каштавала 65 тыс. руб. Цэны на чаравікі ў фірмовай краме пачынаюцца ад 220 тыс. руб.

У Менгарвыканкаме кажуць, што разумеюць, наколькі бацькам складана, таму для шматдзетных сем’яў выдзеляць аднаразовую дапамогу. «Яе памер фіксаваны і не залежыць ад заробку бацькоў – 30 % бюджэту пражытковага мінімуму, то бок каля 25 долараў паводле афіцыйнага курсу», – патлумачыла старшыня аддзелу сацыяльнай дапамогі Ірына Дудко.

Гэтыя грошы выдзеляць на ўсю сям’ю. Каб атрымаць іх, трэба аформіць даведку ў школе, пасля занесці яе ў «Беларусбанк», і толькі тады грошы перавядуць на адмысловы рахунак сям’і – яго трэба стварыць загадзя.

Паводле афіцыйных звестак, у Менску налічваецца больш за 5,5 тыс. шматдзетных сем’яў. Агулам з бюджэту сталіцы на падрыхтоўку дзяцей да школы выдаткуюць 27,5 тыс. долараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары