Пачаліся суды над актывістамі затрыманымі ля горацкай калоніі (Абноўлена)


21:35
Суд над Раманам васільевым перанесены на 9 жніўня з-за таго, што ён запатрабаваў прысутнасці адваката.
21:21
Раман Панжын асуджаны на 5 дзён адміністратыўнага арышту, паведаміў “белсату” Андрэй Кім. Пакуль гэта самы мяккі прысуд сярод тых, хто пакараны зняволеннем.

20:25

Юлія Міхайлава асуджана на 10 дзён арышту.

20:15

Як распавёў “Белсату” вызвалены Іван Шыла, міліцыянты спрабавалі ціснуць на суддзю, калі тая вырашыла адкласці працэс да 8 жніўня. “Нас са Змітром Шурхаем заблакавалі на выхадзе з суда. Начальнік міліцыі вельмі злаваўся, што суддзя прыняла рашэнне, якое не ўзгадніла з ім. Але яна праявіла прынцыповасць і нічога не стала мяняць. Міліцыянты вымушаныя былі нас адпусціць”, – гаворыць Іван Шыла.

19:57
Намесніца старшыні “Маладога Фронту”, нявеста Зміцера Дашкевіча Наста Палажанка правядзе за кратамі 12 дзён. Нагадаем, дзяўчына ўжо мае ўмоўны тэрмін за ўдзел у Плошчы.

19.40
Сем дзён арышту атрымаў Аляксей Сянчыла, цяпер суддзя разглядае справу Насты Палажанкі. Таксама ў суд даставілі Юлю Міхайлаву, Таццяну Шапуцька, Вячаслава Барысава і Рамана Васільева.

19.20
Ганна Шаруба правядзе за кратамі 13 дзён. Дзяўчыну пакаралі адразу па двух артыкулах — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і за непарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (5 і 8 дзён адпаведна), паведаміла “Белсату” ганна Шапуцька.

Як паведаміў “Белсату” Андрэй Кім, 17 дзён адміністратыўнага арышту атрымаў намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка. Сябра БХД Яўген Скрабец правядзе за кратамі 10 дзён.

Судовае паседжанне пачалося пры заканчэнні працоўнага дня. Яго вядзе дзяжурны суддзя Дрыбінскага раённага суда, які працуе да 20-й гадзіны. Паводле Андрэя Кіма, усяго ў судзе цяпер 4 чалавекі з затрыманых 13-ці. Двум з іх ужо вынеслі прысуды.

19.00

Як паведаміла Ганна Шапуцька, цяпер судзяць Насту Палажанку і Ганну Шарубу. Таксама жанчына зазначыла, што ў Горках вызваленыя актывіст “Маладога фронту” Іван Шыла і актывіст БХД Зміцер Шурхай. Маладзёны запатрабавалі адвакатаў, суддзя вырашыў адкласці разгляд справы і аддаў пратаколы затрымання “парушальнікам”. Даты судоў над Іванам Шылам і Змітром Шурхаем прызначаць пазней.

Аляксандар Вялітчанка пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь (1 050 000 рублёў), яшчэ адзін горацкі сядзелец Максім Сямёнаў асуджаны на 10 дзён арышту.

***

“Я перыядычна тэлефаную дзяжурнаму Горацкага РАУСу, але мне адказваюць, што кіраўніцтва на нарадзе, магчыма, пасля яе будуць вызначаць, калі затрыманых везці ў суд”, – распавяла “Белсату” Ганна Шапуцька. Дачку спадарыні Шапуцькі, журналістку газеты “Новы час” Таццяну Шапуцьку, затрымалі разам з іншымі ўдзельнікамі пікету падтрымання Змітра Дашкевіча. Сёння зранку Ганна Шапуцька дзяжурыць ля Дрыбінскага РАУСу. Сюды прывезлі дзесяць актывістаў, сярод іх і Наста Палажанка. У Горках засталіся чацвёра затрыманыя.

“Утрымліваць іх могуць 72 гадзіны, але ў законе таксама прапісана, што з моманту затрымання да пачатку судовага паседжання павінна мінуць не болей за 48 гадзінаў”, – патлумачыў “Белсату” юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч.

Юрыст гаворыць, што прызнанне Насты Палажанкі вінаватай у адміністратыўным правапарушэнні можа мець для яе дрэнныя наступствы, бо дзяўчына мае ўмоўны тэрмін за ўдзел у Плошчы: “Адной з акалічнасцяў умоўнага прысуду з’яўляецца патрабаванне належных паводзінаў. Невыкананне гэтай умовы можа стаць юрыдычнаю падставаю для перагляду выраку – умоўны тэрмін ператворыцца ў рэальны”.

2 жніўня ля муроў Горацкай калоніі, дзе адбывае пакаранне лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч, затрымалі 14 актывістаў. Маладзёнаў звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ды непадпарадкаванні патрабаванням працаўнікоў міліцыі. Ноч арыштаваныя правялі ў пастарунку. Планавалася, што суд над імі пачнецца а 9-й раніцы, аднак з незразумелых прычынаў ён не адбыўся. Праваабаронцы і сваякі затрыманых мяркуюць, што гэта звязана з прыездам у Горкі Аляксандра Лукашэнкі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары