Пракуратура разбіраецца са скаргаю журналістаў «Еўрарадыё»


Трое журналістаў “Еўрарадыё” пабывалі ў Генпракуратуры з нагоды скаргаў на незаконныя затрыманні ў часе вулічных акцыяў – паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У чэрвені ды ліпені падчас акцыяў маўклівага пратэсту ад сілавікоў у цывільным пацярпелі тры працаўнікі акрэдытаванага ў Беларусі “Еўрапейскага радыё для Беларусі” – Наста Манцэвіч, Андрэй Елісееў і Павел Свярдлоў (апошняга затрымлівалі двойчы). Карэспандэнты “Еўрарадыё” паскардзіліся ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства замежных справаў, якое выдавала дазвол на адкрыццё ў Беларусі карпункту радыёстанцыі.

Як распавёў галоўны рэдактар “Еўрарадыё” Віталь Зыблюк, журналістаў выклікалі па чарзе да розных следчых і прасілі падрабязна распавесці пра дзеянні невядомых нападнікаў. Адзін з карэспандэнтаў сутыкнуўся ў пракуратуры з прэс-сакратаром ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандрам Ластоўскім, які выходзіў з кабінету следчага, – як мяркуюць журналісты, таксама пасля гутаркі на гэтую ж тэму.

“Працаўнікі пракуратуры трымаліся з нашымі карэспандэнтамі нейтральна, і таму зразумець іхнае стаўленне да гэтых падзеяў было немагчыма. Але выглядала на тое, што асобы нападнікаў у цывільным не вядомыя не толькі журналістам, але і пракуратуры. Прынамсі, яны так кажуць”, – дадаў Віталь Зыблюк.

Між тым, фота- і відэаматэрыялаў, якія журналісты прапаноўвалі далучыць да справы, следчыя з нейкіх прычынаў прымаць не захацелі.

13 ліпеня група з 30 журналістаў розных медыяў таксама перадала ў Генпракуратуру калектыўны зварот з нагоды затрыманняў і брутальнага стаўлення з боку сілавікоў. Аналагічны зварот накіравалі міністру ўнутраных справаў, а копіі – міністру інфармацыі ды старшыню Вярхоўнага Суда. Падпісанты разлічваюць на пісьмовы адказ кожнаму з іх цягам 30 дзён – у адпаведнасці з законам РБ “Аб зваротах грамадзянаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў