Адвакаты палітвязняў абскарджваюць вынікі пераатэстацыі


Адвакаты Ганна Бахціна і Дар’я Ліпкіна, якія не прайшлі ініцыяванай Міністэрствам юстыцыі Беларусі пазачарговай атэстацыі, маюць намер адстойваць сваё права на прафесійную дзейнасць.

Ганна Бахціна, якая абараняла Ірыну Халіп, паведаміла, што падала пісьмовую заяву ў атэстацыйную камісію, у якой абвесціла пра намер абскардзіць яе рашэнне. Адвакат чакае палажэння пра абскарджанне, якога ёй пакуль не далі. “Ад сваіх планаў, ад жадання абараняць сябе я не адмаўляюся, і буду рабіць гэта”, – заявіла Бахціна.

Дар’я Ліпкіна, якая абараняла фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках Мікіту Ліхавіда, таксама заявіла, што не згодная з рашэннем атэстацыйнай камісіі. Нягледзячы на тое што Ліпкіна не прайшла камісіі, яна працягвае дзейнасць. “Атэстацыйная камісія не мае права што-небудзь вырашаць наконт спынення паўнамоцтваў або працягу дзейнасці”, – растлумачыла адвакат. Згодна з працэдураю, матэрыялы працы атэстацыйнай камісіі перадаюцца ў кваліфікацыйную камісію, якая на іх падставе мусіць прымаць рашэнні. Гэтыя рашэнні можна абскардзіць праз суд. “Якое рашэнне будзе наконт мяне, я не ведаю, але з адмоўным, безумоўна, не пагаджуся”, – заявіла Ліпкіна.

Правесці пазачарговую атэстацыю адвакатаў з 15 чэрвеня да 15 верасня Мінюст пастанавіў у траўні – дзеля “павышэння адказнасці адвакатаў за выкананне дзяржаўных функцыяў у забеспячэнні правоў і свабодаў фізічных і юрыдычных асобаў, якаснага выканання прафесійных абавязкаў у аказанні кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі”.

Паседжанне атэстацыйнай камісіі, на якім абмяркоўвалася пазбаўленне адвакацкіх ліцэнзіяў Ганны Бахціной і Дар’і Ліпкінай, адбылося 26 ліпеня.

30 ліпеня беларускія праваабаронцы накіравалі зварот да адмысловага дакладчыка ААН у пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыеле Кнаул, у якім выказваюць занепакоенасць няспынным ціскам на адвакацкую супольнасць Беларусі.

У лютым Мінюст пазбавіў ліцэнзіяў чатырох адвакатаў Менскай гарадской калегіі адвакатаў – Алега Агеева, Таццяну Агееву, Уладзіміра Толсціка і Тамару Гараеву, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. 6 сакавіка са складу калегіі быў выключаны адвакат Павел Сапелка.

belsat.eu

Стужка навінаў