Генпракуратура правярае інфармацыю пра спробы суіцыдаў у калоніі


Генеральная пракуратура арганізавала правяранне інфармацыі пра галадоўку і спробы суіцыдаў у Глыбоцкай калоніі № 13.

Інфармацыю пра падзеі ў глыбоцкай турме распаўсюдзіла ў медыях 28 ліпеня інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа”, якая займаецца пытаннямі выканання заканадаўства ў папраўчых установах.

Паведамлялася, у прыватнасці, што некалькі зняволеных спрабавалі скончыць з жыццём. Як расказаў дырэктар установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка, звесткі атрымалі ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з глыбоцкай турмы. Паводле яго, у чэрвені асуджаныя аб’явілі галадоўку, пратэстуючы такім чынам супраць парушэння законнасці з боку адміністрацыі калоніі, у тым ліку – супраць ужывання фізічнай сілы. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генеральным пракурорам Беларусі.

“У адказ адміністрацыя калоніі з 16 да 22 чэрвеня масава збівала асуджаных. Большасць з тых, хто зазнаў гвалт, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак медычнай дапамогі ім не аказвалі. Некаторыя былі змушаныя звярнуцца да экстрэмальных захадаў самаабароны – спробаў суіцыду. Гэтак, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасці, ускрылі сабе вены і жывот”, – расказаў Андрэй Бандарэнка.

1 жніўня ў Менску плануецца прэс-канферэнцыя, на якой журналістам абяцаюць паведаміць падрабязнасці. Чакаецца, што ў ёй будуць браць удзел сведкі катаванняў, імёны якіх не называюцца з меркаванняў іхнае бяспекі.

belsat.eu

Стужка навінаў