Бандарэнку абяцаюць пасляаперацыйную рэабілітацыю


Вольга Бандарэнка сустрэлася са сваім мужам у 5-й клінічнай больніцы Менску. Дазвол напярэдадні даў Менскі гарадскі суд. Паводле Вольгі, “Зміцер быў вельмі рады, адразу мне паказаў, як спаўзае з ложка – гэтак даволі бадзёра”. “З цікавасцю паказаў, як ён падымаецца і трохі ходзіць, дрэнна, вядома, але гэта ж другі дзень пасля аперацыі”, – расказала жонка палітвязня.

Вольга растлумачыла, чаму блізкія і сябры называлі гэту аперацыю прымусовай – з-за недахопу інфармацыі Зміцер не мог наважыцца на аперацыю, а ў кансультацыі нейрахірурга на той момант яму адмовілі. Цяпер дактары, якія рабілі аперацыю, пацвярджаюць, што хірургічнае ўмяшанне было неабходнае. “Была вельмі вялікая грыжа, і яна моцна сціскала нервовыя карэньчыкі, таму моцна балела. Доктар сказаў, што Зміцер, хутчэй за ўсё, страціў бы правую нагу, калі б своечасова не зрабілі”, – сказала Вольга.

У 5-й больніцы Зміцер застанецца да таго часу, пакуль гэта палічаць мэтазгодным медыкі. “Я сустракалася з доктарам тут, ужо на Валадарскага, і задала гэта пытанне: калі вы яго забераце? І ўжо тэндэнцыя вельмі добрая, мне сказалі, мы нікога не забіраем, калі яго адтуль выпішуць, тады прымем”, – расказала Вольга. Доктар СІЗА абнадзеіў Вольгу і ў плане наступнай рэабілітацыі Змітра. Ёй паведамілі, што ў турме будуць выконваць рэкамендацыі што да далейшага рэжыму. “Іншая рэч, я ведаю, што туды ўваходзіць шмат фізіятэрапеўтычных працэдураў, а іх тут увогуле няма”, – сказала Вольга, дадаўшы, што разлічваць на электрафарэз і лазер тут наўрад ці варта.

belsat.eu

Стужка навінаў