Антон Астаповіч: супраца Мінкультуры і Генпракуратуры – PR-крок


Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры лічыць супольную пастанову гэтых двух ведамстваў, якая набыла моц 22 ліпеня, “толькі словамі”, бо, на ягоную думку, дакумент – “цалкам імітацыя”. “Каб Генеральная пракуратура сур’ёзна занялася гэтаю справаю, то яна б у першую чаргу правяла б праверку працы Міністэрства культуры”, – заявіў Астаповіч.

Згодна з пастановаю, гэтыя ведамствы будуць разам каардынаваць дзейнасць у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама наглядаць за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы.

“Я ўспрымаю гэта як PR-крок, каб залагодзіць грамадскасць, – адзначыў Астаповіч. – Бо Генпракуратура і органы пракурорскага нагляду ўвогуле да гэтага часу ігнаруюць распачынанне крымінальных справаў супраць руйнавання аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны”.

На думку старшыні аб’яднання, рашэнні, якія прымае Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, “вельмі часта не тое што не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству ў сферы аховы спадчыны, але і груба парушаюць яго”.

Астаповіч нагадаў пра разбурэнне ўнікальнага свірна ў вёсцы Янавічы (Віцебскі раён) у 2008 годзе, а таксама пра аднаўленне царквы ў вёсцы Гошчава (Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці) у 2009-м, у выніку якога значна змяніўся першапачатковы выгляд святыні. “Гэты пералік можна доўжыць, але з боку пракурорскіх органаў – ніякай рэакцыі, злачынства яны ў гэтым не бачаць”, – зазначыў ён.

Раней Астаповіч апублікаваў на сайце аб’яднання адкрыты ліст да міністра культуры Паўла Латушкі, у якім называў незаконнымі прынятыя 5 ліпеня рашэнні навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры. Згодна з імі некаторыя будынкі ў Пінску пазбавілі статусу гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

belsat.eu

Стужка навінаў