Вяселле за кратамі


Святлана Вінаградава, якая напрыканцы мінулага тыдня ўзяла шлюб у івацэвіцкай калоніі з асуджаным у справе 19 снежня Паўлам Вінаградавым, падзялілася ўражаннямі ад цырымоніі.

“Не магу сказаць, што гэта было святочна, бо ўсё-такі гэта турма, – сказала Святлана. – Але працаўнікі адміністрацыі былі вельмі ветлівыя, усміхаліся, больш за тое, яны пайшлі насустрач і дазволілі прысутнічаць бацькам і сведкам”.

Павал, паводле прызнання Святланы, адмовіўся выдаткоўваць час на пераапрананне, бо яму “хацелася пагутарыць з бацькамі”.

Выходныя маладая сям’я правяла ў доме для сустрэчаў на тэрыторыі калоніі. Там, паводле дзяўчыны, ёсць кухня, душ, прыбіральня і тэлевізар. “Але мы яго не глядзелі, бо нам было пра што пагутарыць”, – зазначыла Святлана.

Пра настрой мужа Святлана сказала, што напярэдадні ён крыху нерваваўся, баяўся, што вяселле ў апошні момант сарвецца. А потым, несумненна, “быў рады сустрэчы, бо правесці тры дні па-за зонаю – гэта дарагога варта”.

belsat.eu

Стужка навінаў