Палажанка: Кіраўніцтва калоніі хавае інфармацыю пра Дашкевіча


Зміцер Дашкевіч адзначае 30-годдзе ў карцэры. Пра гэта Наста Палажанка даведалася, калі прыехала ў Горацкую калонію, каб павіншаваць жаніха з Днём народзінаў.

Дзяўчына гаворыць, што маладафронтаўцы даслалі некалькі соцень віншавальных паштовак свайму кіраўніку. Прачытаць іх Зміцер Дашкевіч зможа толькі 25 ліпеня – у гэты дзень ён мусіць выйсці са штрафнога ізалятару. Аніякіх іншых падрабязнасцяў пра ягонае зняволенне больш няма: “Калі Змітра пакаралі ды з якой прычыны, мне не тлумачылі. Кіраўнік калоніі ўвогуле адмаўляўся са мной размаўляць, заявіў, што я Змітру ніхто”. Як распавяла “Белсату” Наста Палажанка, кіраўнік турмы вельмі нерваваўся праз тое, што інфармацыя пра змяшчэнне Дашкевіча ў карцэр выйдзе за муры калоніі.

Наста Палажанка звяртае ўвагу на тое, што ні бацька, ні адвакат Змітра Дашкевіча таксама не могуць дамагчыся звестак пра лёс зняволенага. Інваліду другой групы Вячаславу Дашкевічу адмаўляюцца даваць інфармацыю аб сыне праз тэлефон. Адваката 5 ліпеня ўвогуле не пусцілі ў калонію. “Ён напісаў ужо некалькі скаргаў у Дэпартамент выканання пакаранняў і ў пракуратуру, але адказу пакуль няма. У кіраўніцтва калоніі ён таксама пытаўся, дзе знаходзіцца Зміцер Дашкевіч, калі ён у карцэры, то за што яго туды змясцілі, які стан здароўя зняволенага. Аднак на тры пісьмовыя адвакацкія запыты няма ніводнага адказу”, – абураецца Наста Палажанка. Днямі адвакат ізноўку паедзе ў калонію, каб дабівацца сустрэчы са сваім падабаронным. Наста Палажанка збіраецца пісаць скаргі ў Дэпартамент выканання пакаранняў і ў Магілёўскую абласную пракуратуру.

Не развязалася дагэтуль і сітуацыя з пошукамі пашпарту зняволенага, з прычыны чаго Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч не могуць пабрацца шлюбам: “Сёння пасля доўгіх спрэчак, начальнік спецустановы ўрэшце пагадзіўся напісаць запыт у ГУУС Менгарвыканкаму, каб пашпарт Змітра пераслалі ў калонію”.

Лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Пакаранне ён адбывае ў Горацкай калоніі. Дасылаць віншаванні з 30-годдзем палітвязню можна на адрас: вул. Дабралюбава, 16, ВК-9 (карантын), 213410, г. Горкі, Дашкевічу Змітру Вячаслававічу.

belsat.eu

Стужка навінаў