Уладзімір Някляеў: Я быў увесь ліловы...


Менская гарадская пракуратура праводзіць правяранне па факце збіцця 19 снежня 2010 г. кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева.

Пра гэта 20 ліпеня на прэсавай канферэнцыі ў Менску паведаміў генеральны пракурор Рыгор Васілевіч. Правяранне не закончанае.

19 ліпеня лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева запрасілі ў аддзел агульных экспертызаў другога ўпраўлення Менску Дзяржаўнай службы медычных судовых экспертызаў. Працаўнік аддзелу агледзеў палітыка ў межах правярання, якое праводзіць пракуратура.

Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што збілі яго роўна сем месяцаў таму: “Калі б я быў жанчынаю, то роўна праз сем месяцаў мог бы нарадзіць абсалютна здаровае дзіця. Так і ў мяне праз сем месяцаў практычна ўсё добра — калі б не балела галава, іншым разам невыносна, і ўвесь час не даводзілася прымаць пігулкі ад болю. І яшчэ засталіся вельмі моцныя болі ў спіне, бо калі я ўпаў, на зямлі мяне лупцавалі яшчэ нагамі”.

Паводле палітыка, працаўнікі праваахоўнай сістэмы робяць фармальны выгляд, што праводзяць нейкае аб’ектыўнае расследаванне нападу: “Усё гэта, канечне, лухта, – лічыць ён, – тым не менш эксперт агледзеў мяне і знайшоў з маёй дапамогаю рубец на галаве. Больш, канечне, ніякіх сінякоў ды іншых слядоў пабояў на мне не засталося. У любым выпадку ўсё гэта будзе мікшавацца, у гарадской пракуратуры будуць чакаць каманды зверху, што ім далей рабіць. А загадаюць, канечне, усё гэта засунуць пад сукно. Але я гэта пад сукно засоўваць не збіраюся — калі не выйдзе нічога тут, буду доўжыць гэту справу, бо яна прынцыпова важная. Па той прастой прычыне, што напад на кандыдата на прэзідэнта Някляева і калону ягоных прыхільнікаў – гэта быў спускавы кручок тых падзеяў, якія пасля доўжыліся на плошчы. Расследаванне гэтай справы можа патлумачыць тое, што адбылося ў Менску 19 снежня 2010 года, у дзень гэтак званых прэзідэнцкіх выбараў”.

Увечары 19 снежня 2010 г. Някляева збілі невядомыя, калі разам з актывістамі свайго выбарчага штабу ён ішоў вуліцаю Калектарнай у цэнтр Менску, каб паўдзельнічаць у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта. У той жа вечар палітыка сілаю забралі са шпіталю ў СІЗА КДБ, адкуль выпусцілі 29 студзеня 2001 г. пад хатні арышт.

20 траўня суд Фрунзенскага раёну сталіцы прызнаў экс-кандыдата вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і пакараў двума гадамі пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання прысуд на два гады. Пасля гэтага палітык падаў у Менскую гарадскую пракуратуру заяву з патрабаваннем расследаваць факт ягонага збіцця 19 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў