Прэтэндэнты ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл маюць намер абмеркаваць ідэю аб вылучэнні адзінага кандыдата пасля здачы подпісаў


Прэтэндэнты ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл маюць намер абмеркаваць ідэю аб вылучэнні адзінага кандыдата пасля здачы подпісаў. Аб гэтым яны заявілі падчас аб’яднанага пікета, які прайшоў 29 кастрычніка каля сталічнага ГУМа – паведамляе БелаПАН.

Як лічыць лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў, выбар адзінага кандыдата — гэта “найлепшы варыянт для апазіцыі”. “Адзіны кандыдат, канешне, не будзе гарантам адзінства апазіцыі. У кагосьці ўзнікнуць прэтэнзіі да адзінага. Але адзіны кандадыт — гэта перадумова прыняцця эфектыўных рашэнняў у патрэбны час ў патрэбным месцы. Ну і паралельна з гэтым будуць вырашацца пытанні ўзаемных дзеянняў у асяроддзі апазіцыі”, — сказаў Някляеў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў таксама заявіў, што з’яўляецца прыхільнікам ідэі выбараў адзінага кандыдата. “Мы дамовіліся, што пасля здачы подпісаў мы збяромся і пагаворым аб тым, што будзе з гэтай ідэяй. Я не ведаю, што ў нас атрымаецца, але, спадзяюся, штосьці атрымаецца”, — сказаў Кастусёў.

Лідар аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікалай Статкевіч адзначыў, што для перамогі ў выбарах “трэба прааналізаваць умовы правядзення выбараў, зрабіць прагноз іх правядзення, сфармуляваць стратэгію перамогі, выпрацаваць крытэрыі да кандыдата. Павінна быць стратэгія і крытэрыі, і адзіным павінен стаць той, хто найбольш адпавядае стратэгіі і крытэрыям”, — лічыць Статкевіч.

Паводле яго слоў, адзіны кандыдат павінен быць абраны. “Абраць адзінага кандыдата павінны тыя, хто набраў сто тысяч подпісаў у сваю падтрымку. Павінна ўлічвацца таксама здольнасць кандыдата арганізаваць масавыя пратэсты пасля магчымай фальсіфікацыі выбараў. Кіраваць гэтымі пратэстамі і дабіцца, каб улада лічыла галасы. Гатоўнасць ісці да канца”, — заявіў Статкевіч.

Лідар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў лічыць, што сто тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, сабралі максімум трое чалавек. “З імі мы будзем весці перамовы — з тымі, каго зарэгіструюць”, — заявіў Саннікаў.

Глядзі таксама
Каментары