Працаўнікі не задаволеныя з індэксацыі заробкаў


Бюджэтнікам скарачаюць заробак. Як вядома, іхныя інтарэсы ўлады стараюцца адстойваць да апошняга. Калі параўнаць сітуацыю з крызісам у 2009 г., то тады ўтрымаць падзенне заробку атрымалася на больш працяглы тэрмін. Цяпер – толькі месяц.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, заробак бюджэтнікаў сёлета ў студзені–траўні павялічыўся амаль на 36 %, калі параўноўваць з леташнім. З пачатку года яго падвышалі штомесяц. Аднак у траўні ў параўнанні з красавіком заробак скараціўся на 7,7 %.

Улады загадзя рыхтуюць народ да таго, што да канца года заробак расці ўжо не будзе. Пра гэта на прэсавай канферэнцыі для беларускіх журналістаў заявіў Аляксандр Лукашэнка, а на днях гэтую інфармацыю пацвердзіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. «Заробак для бюджэтнікаў да канца года павышацца не будзе, аднак у адпаведнасці з заканадаўствам будзе ажыццяўляцца індэксацыя ў звязку з інфляцыяй, – адзначыў кіраўнік ураду. – Гэта вымушаны крок».

Індэксацыя зусім не адпавядае чаканням бюджэтнікаў. Распавядае працаўнік Менскага камвольнага камбінату Ігар Астроўскі: «Нам кіраўніцтва паабяцала, што заробак падымуць на 150 тысяч рублёў. Натуральна, што калектыў станоўча сустрэў такую навіну, аднак падазрэнні ўсё ж былі – адкуль возьмуць грошы, калі на валютным рынку такія праблемы? Па выніку правялі індэксацыю. І з абяцаных 150 тысяч я атрымаў толькі 40 тысяч рублёў».

На меркаванне эканаміста Ірыны Урбан, у бюджэце няма сродкаў на павышэнне заробку. «Намінальны заробак бюджэтнікаў цяпер складае 1,3 мільёна рублёў. Улады настойваюць на тым, што яны выканалі план збліжэння заробку працаўнікоў бюджэтнай сферы з іншымі працаўнікамі ў Беларусі. Пра абяцаны сярэдні заробак – 500 долараў – гаворка цяпер не ідзе. Павышэнне будзе невялікім і тое за кошт індэксацыі».

belsat.eu

Стужка навінаў