Фёдар Мірзаянаў: Я не буду прасіць памілавання


Юнак заяўляе, што не прызнае сваёй віны.

Менскі гарадскі суд пакінуў без зменаў вырак асуджанаму за Плошчу на тры гады зняволення студэнту Фёдару Мірзаянаву. Днямі з палітзняволеным сустрэліся ягоная маці і адвакат. «Фёдар трымаецца добра, выглядае спакойным і ўпэўненым. Схуднеў толькі вельмі», – распавяла «Белсату» маці хлопца Людміла. Жанчына гаворыць, што калі паведаміла сыну пра вынік разгляду касацыі, Фёдар толькі рассмяяўся: «Так хутка вырашылі лёс пяці чалавек…»

Людміла Мірзаянава гаворыць, што вакол сына старанна ствараюць інфармацыйны вакуум – не аддаюць зняволенаму лісты, што пішуць палітыкі ды эканамісты. «Не даходзяць» да юнака і раздрукоўкі матэрыялаў з незалежных сайтаў, што дасылае яму маці. «Сёння да Фёдара пайшоў адвакат, і я папрасіла яго спытаць у сына, ці будзе ён пісаць прашэнне аб памілаванні. Фёдар перадаў, што ніколі не пойдзе на гэта, бо ён не вінаваты», – гаворыць Людміла Мірзаянава.

Жанчына распавяла пра «іронію лёсу»: адзін з сукамернікаў Фёдара асуджаны на доўгі тэрмін зняволення тым жа суддзём, што некалькі месяцаў таму адмовіў, нягледзячы на станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы аднакурснікаў, змяніць Фёдару Мірзаянаву меру стрымання. «Сын гаворыць, што сукамернік асуджаны несправядліва і што ў новай Беларусі такія суддзі павінны несці адказнасць за загубленыя чалавечыя лёсы», – распавядае маці палітвязня.

Студэнта трэцяга курсу Беларускага эканамічнага ўніверсітэту Фёдара Мірзаянава асудзілі за ўдзел у Плошчы на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Людміла Мірзаянава адзначае, што Фёдара па-ранейшаму трымаюць у СІЗА на вул. Валадарскага, хоць ён і прасіў, каб яго хутчэй перавялі ў калонію.

belsat.eu

Стужка навінаў