Эканаміст: Улады хочуць зарабіць на нераўнаважным курсе


Народу абяцаюць сярэдні заробак памерам тысячу долараў. Беларускі ўрад зацвердзіў план дзеянняў для выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.

Праграма абяцае беларусам, што іхны ўзровень жыцця да канца 2015 г. наблізіцца да еўрапейскага, а сярэдні заробак складзе тысячу долараў у эквіваленце.

Як прапісана ў дакуменце, бюджэтныя выдаткі аптымізуюць, сканцэнтраваўшыся на прыярытэтных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а падатковую сістэму Беларусі максімальна наблізяць да той, што існуе ў эканамічна развітых краінах. Дзяржава дэкларуе, што мае намер стымуляваць развіццё прадпрымальніцтва і дзелавой актыўнасці, рэфармаваць структуры дзяржуласнасці ды актывізаваць прыватызацыю. Згодна з планам, які ўтрымлівае 249 пазіцыяў, будзе ажыццяўляцца шэраг буйных праектаў у прамысловасці, адукацыйнай, медычнай, культурнай і спартовай сферах.

Эканаміст Аляксандр Сінкевіч называе план «PR-крокам»: «Людзі не задаволеныя дзейнасцю ўлады, ім трэба даць калі не самі сацыяльныя выгады, то хоць бы іх чаканне. Гэта як у СССР спачатку абяцалі, што ў 1980 годзе ўсе будуць жыць пры камунізме, а да 2000 года кожнай сям’і гарантавалі ўласнае жытло». Паводле эксперта, рэальных перадумоваў для выканання пяцігадовага плану цяпер няма.

Аляксандр Сінкевіч зазначае, што спачатку трэба выйсці на раўнаважны курс беларускага рубля. Аднак тое, што гэта адбудзецца сёлета, на ягоную думку, малаімаверна. У краіны няма дастатковых золатавалютных рэзерваў, крэдытаў у неабходных памерах Беларусь пакуль так і не атрымала. «Да таго ж сітуацыя з нераўнаважным курсам выгадная вельмі вялікай колькасці людзей, набліжаных да ўлады. Маючы доступ да таннай валюты, можна вельмі няблага зарабіць», – адзначае эксперт.

На меркаванне Аляксандра Сінкевіча, у краіне пачнуць рабіць нейкія крокі для ўсталявання рэальнага курсу беларускага рубля толькі з пачаткам сур’ёзных пратэстаў у бізнес-ассяродзі і сярод насельніцтва. «Пакуль усё спакойна, таму да верасня сітуацыя на валютным рынку не зменіцца», – зазначае Аляксандр Сінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў