Мясніковіч: Крызісу няма, народ нясе валюту ў абменнікі


Насельніцтва Беларусі пачало прадаваць болей замежнай валюты. Пра гэта прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў у інтэрв’ю расейскаму часопісу “Итоги”, перадае БелТА.

Кіраўнік ураду Беларусі паведаміў, што попыт на замежную валюту дагэтуль перавышае прапанову і задавальняецца не цалкам: “Паколькі ў нас золатавалютныя рэзервы нязначныя, мы лічым неэфектыўным выкарыстоўваць іх для гэтага. Канечне, хацелася б, каб у нас быў рэжым свабоднай куплі ды продажу валюты. Хоць і сёння аб’ём продажу насельніцтвам замежных валютаў таксама расце. Ён цяпер складае каля $ 250 млн за месяц”.

У дадатак Мясніковіч заявіў, што сістэмнага крызісу ў Беларусі няма: “Гэта не толькі маё меркаванне, але і высновы, да якіх прыйшлі МВФ і Сусветны банк”. Паводле прэм’ера, пра гэта сведчыць рост ВУП на 111 % за апошнія шэсць месяцаў, перавага аб’ёму экспарту над аб’ёмам імпарту (як вядома, гэтая статыстыка – вынік скарачэння імпарту) і станоўчае сальда вонкавага гандлю ($ 120 млн за травень).

Прэм’ер-міністр спадзяецца, што гэтая сітуацыя паўплывае на стабілізацыю валютнага рынку. Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь мае сур’ёзную патрэбу ў вонкавых пазыках, адзначыўшы, што дапамога Міжнароднага валютнага фонду і ЕўрАзЭС, па якую звярнулася краіна, нязначная ў параўнанні з аб’ёмам валютнай выручкі, якая за пяць месяцаў склала $ 16 млрд.

Сёлета Беларусь атрымала ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС крэдыт памерам $ 3 млрд. Урад разлічвае таксама на дапамогу $ 3–7,5 млрд ад Міжнароднага валютнага фонду.

belsat.eu

Стужка навінаў