У Кітаі рассыпаліся новыя жылыя дамы


З будынкаў, у якія збіраліся засяліць 300 сем’яў, пасыпалася цэгла.

Інцыдэнт здарыўся ў Чжэн-чжоў (Zhèngzhōu), сталіцы цэнтральнай правінцыі Хэнь-ань (Hénán) у Кітаі. Са сценаў васьмі навабудаў, якія накрылі дахам усяго два месяцы таму, пачала сыпацца цэгла. Яна адвальвалася пры дакрананні рукою, а калі на яе наступалі, рассыпалася ў пыл. Сцены двух будынкаў з трэцяга да пятага паверху разбурыліся на 90 %. Па выніках экспертызы цэглу прызналі непрыдатнаю.

У нядзелю, 18 ліпеня, дамы дэмантавалі. Праблему будучыя жыхары шматпавярховіка выявілі сёлета ў траўні, калі галоўны праект будынка быў амаль скончаны. Цяпер 300 сем’яў мусяць чакаць на жытло да траўня наступнага года.

Рашэнне пра дэмантаж прынялі мясцовыя ўлады, каб гарантаваць бяспеку людзей, якія збіраюцца перасяліцца ў гэтыя дамы пасля таго, як іх пабудуюць нанова.

У Беларусі Кітай рэалізоўвае ў сферы будаўніцтва і прамысловасці шэраг інвестыцыйных праектаў, пераважна за кошт гэтак званых прывязаных крэдытаў, у межах якіх вылучаюцца не грашовыя пазыкі, а абсталяванне і працоўная сіла.

14 чэрвеня прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынём “Эксім-банку” Кітаю і віцэ-прэзідэнтам Індустрыяльна-камерцыйнага банку Кітаю заявіў, што Беларусь разлічвае на паспяховую рэалізацыю праекту беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку.

belsat.eu

Стужка навінаў