Ад крапавага берэта да ружовага чэпчыка


Валер Костка, былы афіцэр беларускага КДБ, гаворыць пра дэградацыю беларускіх спецслужбаў і спецназу.

Валер Костка падкрэслівае, што галоўная задача спецназу – абараняць грамадзянаў, змагацца з бандытызмам і тэрарызмам, а ніяк не разганяць мірныя акцыі. «Гэтае правіла – не ваяваць супраць сваіх грамадзянаў – дзее для любога спецназу, і калі яны ідуць на мірных, няўзброеных грамадзянаў – гэта не спецназ, гэта нешта іншае, – гаворыць Валер Костка. – Свае калегі тым, хто пайшоў супраць мірных грамадзянаў, замест крапавага берэта падораць ружовы чэпчык. Бо яны прыніжаюць іх як прафесійных спецназаўцаў». Тым часам улады Беларусі актыўна выкарыстоўваюць спецназ менавіта для разгону масавых акцыяў пратэсту. Да таго ж дзеянні невядомых, што напалі 19 снежня на калону з Уладзімірам Някляевым нагадваюць дзеянні менавіта спецназу.

Былы афіцэр КДБ упэўнены, што ў Беларусі адбылася дэградацыя ўсёй сістэмы кіравання сілавымі структурамі праз падмену функцыяў. Гэтак, паводле Валерыя Косткі, спецслужбаў у Беларусі фактычна няма, бо КДБ ператварыўся са спецслужбы ў службу палітычнага сыску. «Калі парушаная функцыя – адпаведна мяняюцца і запатрабаванні прафесіяналаў. Калі патрэбная проста ламавая сіла – сыходзяць мазгі. Калі патрэбныя і сіла, і мазгі – прыходзяць і сіла, і мазгі. У гэтым сэнсе тут дэградацыя і адбылася – мы парушылі функцыі ў сістэме кіравання», – заявіў Валер Костка ў інтэрв’ю «Белсату».

Эксперт катэгарычна адмаўляе магчымасць удзелу расейскіх спецслужбаў або спецназу ў разгоне мірных акцыяў у Беларусі. «Я ведаю добра расейскіх спецназаўцаў, бо давялося служыць з імі разам: яны ніколі супраць мірнага чалавека не пойдуць змагацца ні пад якім загадам. Я магу прывесці прыклад, калі мае сябры атрымалі ў 1991 годзе загад арыштаваць Ельцына, Чубайса ды іхнае атачэнне, і яны пад пагрозаю суда ваеннага трыбуналу адмовіліся гэта выконваць, бо палічылі, што Ельцын – гэта не бандыт і не тэрарыст», – дадаў Валер Костка.

belsat.eu

Стужка навінаў