Змітру Дашкевічу пагражае новая крымінальная справа


Старшыня “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч стаў “злосным парушальнікам парадку адбывання пакарання” ў калоніі ў Горках, паведамляе прэс-служба “МФ”. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Дашкевіч атрымаў ужо два спагнанні ад адміністрацыі калоніі: першае – змяшчэнне ў карцар; якім было другое спагнанне, найбліжэйшым часам будзе высвятляць адвакат Дашкевіча.

Паводле прэс-службы “Маладога фронту”, Дашкевічу як “злоснаму парушальніку” скарацілі штомесячную суму, на якую ён можа набываць нешта ў турэмнай краме – з 200 000 да 35 000 рублёў. Палітыка таксама могуць чакаць частыя змяшчэнні ў карцар, скарачэнне колькасці спатканняў і нават новая крымінальная справа за парушэнне правілаў унутранага распарадку.

Зміцер Дашкевіч разам з актывістам “Маладога фронту” Эдуардам Лобавым быў затрыманы ў Менску за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 г. Іх абвінавацілі ў збіванні двух менчукоў.

Затрыманне маладых палітыкаў прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную захаду міліцыі напярэдадні выбараў. 24 сакавіка суд прыгаварыў Дашкевіча да 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Варта адзначыць, што менчукоў, якіх прызналі пацярпелымі, у зале суда ніхто не бачыў – яны заставаліся ў суседнім пакоі нібыта з меркаванняў бяспекі.

“Міжнародная амністыя” прызнала Дашкевіча вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў