Таццяну Севярынец аштрафавалі на 20 базавых


Жанчыну абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця.

Паводле Таццяны Севярынец, суд быў фармальны, на яго не прыйшоў ніводзін сведка з боку абвінавачвання, але суддзі Яўгену Бурунову хапіла таго, што было запісана ў пратаколе, каб пакараць яе.

«Яны нават не пасаромеліся паказаць у судзе відэа, як мяне затрымлівалі. Калі мы яго прагледзелі, то стала зразумела, што мяне адмыслова шукалі, бо на запісы чутны іхныя перамовы па рацыях, што гэта не яна, тут яе няма, шукайце яе…» — распавяла «Белсату» Таццяна Севярынец. Жанчына зазначае, што на відэа таксама зафіксавана, што беларускія «ахоўнікі парадку» вельмі любяць брыдкасловіць, але суддзя на гэта увагі не звярнуў.

Таццяна Севярынец збіраецца абскарджваць судовы працэс, а таксама тое, як міліцыянты паводзяцца з затрыманымі. Бо, як распавяла жанчына, на яе вачах у РАУСе збівалі людзей, аднаго маладога хлопца прывязалі рамянём за рукі да кратаў: «Я так зразумела, што ім кожны дзень даводзяць планы па затрыманнях, і каб выканаць іх, міліцыянты хапаюць усіх без разбору».

Каардынатарку аргкамітэту стварэння партыі БХД Таццяну Севярынец затрымалі 8 ліпеня нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, што прайшло ў Віцебску 3 ліпеня. У гэты дзень каля 100 вернікаў прайшлі ад Плошчы перамогі да Еўфрасіннеўскага крыжа на Успенскай горцы, дзе адбылася штодзённая малітва за палітвязняў. Жанчыну ноч пратрымалі ў віцебскім ІЧУ і на наступны дзень прывезлі ў суд. Аднак судовае паседжанне па справе адклалі, бо Таццяна Севярынец запатрабавала адваката. Сёння інтарэсы жанчыны ў судзе прадстаўляў ейны сын Павал Севярынец.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары