На затанулым цеплаходзе “Булгарыя” было каля 200 чалавек (абноўлена)


https://youtu.be/1BdhKbbFsXs
Больш за 100 лічацца зніклымі без вестак, аднак Міністэрства надзвычайных сітуацыяў лічыць, што шанцаў знайсці іх жывымі практычна няма. На борце цеплаходу знаходзіліся два грамадзяніна Беларусі.

Сёння раніцаю вадалазы знайшлі ва ўнутраных памяшканнях цеплаходу шмат загінулых. Паводле начальніка Прыволжскага рэгіянальнага цэнтру МУС Расеі Ігара Паньшына, ратаўнікам вельмі цяжка працаваць з караблём, бо “моцнаю плынню яго круціць пад вадою, і ён перавальваецца з аднаго борту на іншы”.

Да таго ж з затанулага цеплаходу выцякае паліва, што таксама перашкаджае працы ратаўнікоў.

Звесткі пра колькасць пасажыраў “Булгарыі” увесь час змяняюцца. Ад мінулага вечара да сёння паднялі 11 целаў.

Паводле апошніх звестак, на цеплаходзе было 196 чалавек: 148 пасажыраў, 33 члены экіпажу і 15 незарэгістраваных асобаў.

Каля 80 чалавек выратавалі. З іхных расповедаў вынікае, што сярод загінулых будзе шмат дзяцей – за некалькі хвілінаў да трагедыі іх сабралі ў дзіцячым пакоі. Паводле МУС, у музычнай зале цеплаходу можа заставацца каля 50 дзяцей. На борце “Булгарыі” было 59 няпоўнагадовых, у спісе выратаваных пакуль толькі 13.

На гэты момант галоўнаю прычынаю трагедыі называюць перагрузку цеплаходу. Судна пабудаванае ў 1955 г. у Чэхаславаччыне і разлічанае на 120 пасажыраў, аднак квіткоў прадалі значна больш.

Тыя, хто выжыў, кажуць, што цеплаход затануў вельмі хутка: “У нейкі момант ён заваліўся на правы бок, перакуліўся і літаральна за тры хвіліны пайшоў на дно. У гэты час была навальніца і моцны дождж. Загінулых вельмі шмат”, – распавёў пасажыр.

Большасць выжылых падабрала іншае турыстычнае судна, “Арабэла”.

“Пакуль мы былі ў вадзе, два караблі прайшлі: “Волга-нефть” – бела-блакітны, не спыніўся, потым баржа нейкая, таксама не спынілася, і толькі вось гэты нас падабраў”, – кажа адзін з уратаваных.

Паводле кіраўніка прэс-службы беларускага МЗС Марыі Ваньшынай, на “Булгарыі” былі два грамадзяніны Беларусі: “Адзін беларус выратаваны, пошукі другога вядуцца”. Ваньшына паведамляе, што працаўнікі пасольства Беларусі ў Казані падтрымліваюць сталы кантакт з расейскім МНС.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары