Куды падзеўся мільярд долараў?


Згодна са статыстыкаю Нацбанку, па выніках чэрвеня аб’ём золатавалютных рэзерваў краіны павялічыўся на 557,7 млн долараў і, паводле папярэдніх звестак, на 1 ліпеня складае 4 150,9 млн долараў ЗША ў эквіваленце.

Нагадаем, месяц таму Беларусь атрымала першую траншу крэдыту ЕўрАзЭС памерам 800 млн долараў. Гэтыя грошы, як запэўніваў беларусаў урад, мусілі пайсці на павелічэнне золатавалютных запасаў краіны. Аднак статыстыка галоўнага банку Беларусі сведчыць, што 242 млн выдалі на нейкія іншыя мэты.

Аднак, паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, за гэты месяц краіна не далічылася значна большай сумы. «800 мільёнаў долараў крэдыту ЕўрАзЭС мусілі адлюстроўвацца ў структуры «Ліквідныя рэсурсы ў замежнай валюце». А гэты паказнік за мінулы месяц зменшыўся амаль на 300 мільёнаў долараў. Калі сюды дадаць яшчэ і крэдыт ЕўрАзЭС, то атрымліваецца, што кудысьці «налева» пайшоў 1 мільярд долараў», – зазначае Сяргей Чалы.

Эксперт гаворыць, што ў яго няма нават і гіпатэтычных версіяў, куды падзеліся гэтыя шалёныя грошы, бо ніякіх асаблівых выдаткаў у гэты перыяд не было: «Выдаткі па аплаце запазычанасці па электраэнергіі ды купонаў па еўрааблігацыях – гэта дзясяткі мільёнаў, максімум сотня, але ніяк не мільярд долараў».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары