За 5 дзён у Беларусі затрымалі каля 1730 чалавек


Такі вынік маўклівых акцыяў пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” паводле падлікаў праваабарончага цэнтру “Вясна”.

Разам за час правядзення “маўклівых рэвалюцыяў”, што адбываліся ў Беларусі 15, 22 і 29 чэрвеня, а таксама 3 і 6 ліпеня, затрымалі каля 1730 чалавек. З іх у Менску – 980.

Большая частка іх была пакараная арыштамі ды штрафамі. Шмат каго збілі. Звесткі не канчатковыя, бо сабраць поўнай інфармацыі праваабаронцы магчымасці не маюць праз закрытасць судоў і адсутнасць спісаў.

Тым часам сябры, калегі ды проста неабыякавыя людзі працягваюць збіраць сродкі для выплаты штрафаў і набыцця неабходных рэчаў для арыштаваных. Збірае грошы і арганізоўвае перадачы адмысловая ініцыятыўная група. Валанцёры прывозяць усё неабходнае да спецразмеркавальніка на вул. Акрэсціна ў Менску.

Валанцёр Максім Чарняўскі, які сам адседзеў за ўдзел у акцыі, цяпер дапамагае іншым: “Мы вядзем таксама спісы ўсіх людзей, якім перадаюць перадачы, каб пасля тым, каму не далі, мы самі зрабілі перадачу. Каб ніхто не застаўся адзін”.

“Адчуваецца ўсё гэтае падтрыманне, салідарнасць людзей, і, у прынцыпе, у нас тут сяброўская атмасфера. І людзі, якія нават… ці штрафы якім далі, ці наагул якія ніяк не звязаныя, проста прыходзяць тут пастаяць, паразмаўляць з намі, памахаць рукою арыштаваным або прынесці перадачу абсалютна незнаёмаму чалавеку”, – распавяла валанцёрка Наста.

belsat.eu

Стужка навінаў