Анатоль Калінін: Рахункі за камунальныя паслугі вырастуць на 100 тысячаў рублёў


Віцэ-прэм’ер на сустрэчы з жыхарамі Пінску паведаміў, што да канца года аплата за камунальныя паслугі складзе 30 % сабекошту

«Рэзкага павышэння тарыфаў на ўсе паслугі адразу не адбудзецца. Спачатку падаражанне цеплаэнергіі, газу і вады, у далейшым – вываз цвёрдых пабытовых адкідаў, ліфт ды іншае. У цяперашніх эканамічных умовах цэны не могуць заставацца на ранейшым узроўні», – заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Калінін.

Беларусы сёння аплачваюць 25% выдаткаў на аказанне жыллёва-камунальных паслугаў. Гэта на 20% менш, чымся ў 2006 г. Міжтым тады вызначалася, што ў 2011 г. мы будзем аплачваць 62,5% кошту паслугаў. Незалежныя эксперты мяркуюць, што ўлады стрымліваюць кошты, каб не выклікаць абурэння ў народзе.

«Прэзідэнт называе гэта сацыяльнаю палітыкаю дзяржавы. І кожны раз пагражае: хочаце жыць па рынкавых умовах – падымем аплату «жыровак», – кажа старшыня таварыства ўласнікаў «Васняцова-34» Галіна Шут. – Насамрэч карысці ад таго, што кошты стрымліваюцца, няма. Як мінімум таму, што паслугі аказваюцца няякасна. І ў любым ЖЭСе на прэтэнзіі жыхароў адказваюць: як вы плаціце – так мы і працуем. У канцэпцыі аб цэнаўтварэнні 2006 года напісана, што дасягнуць большага адсотка аплаты насельніцтвам камунальных паслугаў да 2011 года меркавалася перыядычным пераглядам тарыфаў ды іх індэксацыяй з адначасовым зніжэннем сабекошту жыллёва-камунальных паслугаў. Павышэнне цэнаў, згодна з Канцэпцыяй, мусіла суправаджацца «адэкватнымі захадамі для павышэння прыбыткаў насельніцтва і адрасным падтрыманнем малазабяспечаных слаёў грамадства». Але здаецца, што чыноўнікі забыліся на свае абяцанні».

Віцэ-прэм’ер Калінін прызнаў, што з-за крызісу ўраду прыйшлося перагледзець тарыфныя сеткі. «Мы жылі стабільна, будавалі планы на 5–10 гадоў наперад. Працаваў друкавальны станок, выраблялася эмісія. Грошы ішлі на будаўніцтва жытла, развіццё аграпрамысловага комплексу, рэканструкцыю аб’ектаў аховы здароўя і гэтак далей. Але цудаў не бывае. Наступіў крызіс. Далей друкаваць грошы мы ўжо не можам», – заявіў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў