Леанід Заіка: мы дарма пазычаем грошы – занадта хутка яны знікаюць


Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што размешчанне на біржы новай партыі еўрабондаў можа нашкодзіць эканоміцы краіны. Эксперт ставіць пад сумнеў эфектыўнасць выкарыстання сродкаў ад продажу гэтых каштоўных папераў.

Паводле эканаміста, размешчанне еўрабондаў можа быць невыгодна для Беларусі праз высокі адсотак на гэтую пазыку. “У нашай краіны няма “крэдытнай гісторыі”, таму нас уключылі ў групу “В+”. Гэта азначае, што рызыкі для тых, хто купляе беларускія бонды, наступныя: толькі 30–50% грошай будуць вернутыя ў выпадку дэфолту краіны або банкаўскай сістэмы. Таму гэта аблігацыі з высокаю рызыкай, і таму яны такія дарагія для нас”, – падкрэслівае Леанід Заіка.

Еўрабонды – гэта форма пазыкі, якую давядзецца вяртаць. “Еўрабондаў выпусцілі на мільярд еўраў, то бок на кожнага жыхара прыкладна па сто еўраў. Калі ўзяць сям’ю з чатырох чалавек – гэта 400 еўраў. Толькі адсоткі па гэтай пазыцы складаюць 32 еўры на год. Ці ведаюць аб гэтым беларусы? Не ведаюць, – упэўнены эканаміст. – Калі ўзяць агульную карціну, то з мільярда еўраў адных адсоткаў – 80 мільёнаў. На гэтыя грошы мы маглі б пабудаваць дзясятак дамоў ці зрабіць шмат добрых рэчаў у сферы навукі, культуры”.

belsat.eu
https://youtu.be/3LZVWGkUnlI

Глядзі таксама
Каментары