Беларускае кіно зноў абяцаюць зрабіць прыбытковым


Новы кіраўнік «Беларусьфільму» кажа, што ведае, як зацікавіць прадзюсараў.

У планах генеральнага дырэктара Алега Сільвановіча – стварыць эфектыўную сістэму акупнасці фільмаў. «Трэба пераразмеркаваць дзяржфінансаванне, прыцягваць прадзюсараў, – упэўнены ён. – Дзяржаўныя грошы будуць ісці толькі на тыя фільмы, якія будуць мець гарантавана высокі прыбытак».

Дарэчы, былы кіраўнік кінастудыі Уладзімір Замяталін абяцаў рабіць тое самае. Пры ім пачалася маштабная рэканструкцыя здымачных пляцовак. Працаўнікі падпісалі калектыўны зварот, каб яго пакінулі на пасадзе, бо лічылі яго паспяховым кіраўніком – Замяталін змог атрымаць вялікую суму грошай на рэканструкцыю кінастудыі.

Паводле інфармацыі ад адной з працаўніц, ён уклаў у рэканструкцыю таксама свае асабістыя грошы і грошы сына, спадзеючыся, што новая кінастудыя будзе цікавая замежным партнёрам і грошы можна будзе хутка вярнуць. Вядома, што найбольшым попытам арэнда пляцовак і апаратуры «Беларусьфільму» карыстаецца ў расейцаў: гэта ў некалькі разоў танней, чым у Маскве. Аднак на пасаду прызначылі іншага чалавека.

Паводле кінакрытыка Андрэя Расінскага, ідэя з прыцягненнем прадзюсараў удалая: «Праўда, гэта даўно трэба было рабіць. Рэпутацыя ў Беларусі ў кіно правальная, гэта звязана з палітычнай і эканамічнай сітуацыяй. Мала хто рызыкне цяпер укладаць грошы».

Разам з тым эксперт адзначае, што новы генеральны дырэктар Алег Сільвановіч добра ведае кіно. «Ён не звязаны з савецкімі шаблонамі, добра арыентуецца ў сучаснай кінаіндустрыі. Таксама вельмі важна, што ён паабяцаў развіваць кіно, арыентаванае на інтарэсы аўдыторыі. Дагэтуль масава здымалася прымусовае ваеннае кіно, якое беларускаму гледачу даўно не цікавае», – распавёў Андрэй Расінскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары