3623 пажыццёвыя тэрміны могуць прысудзіць Фетхуллаху Гюлену, галоўнаму апаненту Эрдагана


Ісламскі прапаведнік Фетхуллах Гюлен, які зараз знаходзіцца ў ЗША, абвінавачваецца ў падрыхтоўцы антыдзяржаўнага путчу ў ліпені 2016-га ў Турцыі. Пракуратура Турцыі патрабуе прысудзіць Гюлену 3 623 пажыццёвыя тэрміны, а таксама штраф у эквіваленце 2,2 мільёны содняў турмы.

Фетхуллах Гюлен лічыцца другім уплывовым чалавекам у Турцыі пасля прэзідэнта Эрдагана, а таксама асноўным яго апанентам. Пасля спробы дзяржаўнага перавароту мінулым летам у Турцыі, яго назвалі галоўным зачынцай і завялі 22 крымінальныя справы.

Зараз ісламскі прапаведнік знаходзіцца ў дабравольным выгнанні ў ЗША і адмаўляецца, што нейкім чынам браў удзел у падрыхтоўцы путчу. Турэцкія ўлады патрабуюць яго экстрадыцыі ў Турцыю і называюць яго лідарам тэрарыстычнай арганізацыі.

Пасля путчу ў ліпені 2016 году ў Турцыі распачаліся масавыя рэпрэсіі падазраваных у супрацьдзяржаўнай дзейнасці. Усяго пасля путчу былі арыштаваныя больш за 40 тысячаў чалавек, каля 120 тысячаў былі звольнены з працы, у тым ліку вайсковыя, выкладчыкі, міліцыянты.

Рэпрэсіі працягваюцца і зараз: за мінулы месяц каля 1000 чалавек было затрымана нібыта за сувязь з Гюленам.

Фетхуллах Гюлен жыве ў ЗША з канца 1990-х гадоў. Зараз яму 74 гады, і гэта не першы палітычны працэс, які распачаўся супраць яго ў Турцыі. Яго лічаць духоўным лідарам ісламскага руху, якое налічвае мільёны прыхільнікаў ва ўсім свеце, у тым ліку, у кіруючых колах у Турцыі. Існуе думка, што гэтым ён карыстаецца для выкрыцця карупцыі ў кіраўніцтве Турцыі пры прэзідэнце Эрдагане.

ВЧ, belsat.eu паводле bbc.com

Стужка навінаў