Расея не аднавіла экспарту электраэнергіі


Кампанія “Интер РАО ЕЭС” пакуль не аднавіла экспарту электраэнергіі ў Беларусь, паведамляе РІА “Новости” са спасылкаю на яе афіцыйнага прадстаўніка. “Экспарт электраэнергіі ў Беларусь не распачаўся”, – заявіў ён, адмовіўшыся ад наступных каментароў. Прычыны гэтага не ўдакладняюцца.

Чакалася, што экспарт электраэнергіі адновіцца апоўначы 30 чэрвеня (а 23.00 паводле менскага часу 29 чэрвеня), бо “Интер РАО” атрымала плацеж 600 млн расейскіх рублёў ($ 21,3 млн).

Расейская кампанія 9 чэрвеня ўжо абмяжоўвала экспарт электраэнергіі ў Беларусь з-за даўгоў. Запазычанасць тады складала 1,5 млрд расейскіх рублёў. Экспарт аднавіўся 13 чэрвеня, а 15 чэрвеня канцэрн “Белэнерга” пералічыў першы транш плацяжу дзеля вяртання доўгу за сакавік – 600 млн расейскіх рублёў.

Апоўначы 29 чэрвеня кампанія “Интер РАО ЕЭС” спыніла экспарт электраэнергіі ў Беларусь з прычыны адсутнасці чарговай выплаты.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары