З’явіўся ўзор скаргі для адпушчаных без скаладання пратаколу


Яго распрацавалі для тых, хто „няўдала прагульваўся” на цэнтральных плошчах гарадоў у той час, як там адбываліся акцыі маўклівага пратэсту “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”.

Узор скаргі распрацаваў Беларускі Хельсінскі камітэт. Скаргу трэба падаваць у пракуратуру таго ж раёна, дзе размешчаны орган унутраных справаў, чые супрацоўнікі незаконна затрымалі грамадзянаў, альбо ў пракуратуру па месцы жыхарства затрыманага.

Учора, 22 чэрвеня, па ўсёй Беларусі пракацілася хваля маўклівых пратэстаў. Удзельнікі акцыі “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку” збіраліся ў цэнтрах гарадоў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” кажа пра 460 затрыманых. Большасць з іх адпусцілі без складання пратаколаў.

Маўклівы пратэст 22 чэрвеня, як і папярэднія акцыі 8 і 15 чэрвеня, быў ініцыяваны групаю актывістаў сацыяльных сетак. Тысячы людзей ва ўсёй Беларусі выйшлі на цэнтральныя плошчы і вуліцы сваіх гарадоў, каб выказаць нязгоду з палітыкаю кіраўніцтва краіны. У Менску, згодна з рознымі ацэнкамі, удзельнікамі акцыі сталі некалькі тысячаў чалавек. Акцыі мірнага маўклівага пратэсту адбыліся не толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і малых гарадах – такіх, як Нясвіж, Старыя Дарогі, Быхаў, Глыбокае ды іншых.

Далучаны дакумент можна спампаваць ніжэй. Узор скаргі даступны таксама на сайце БХК.

Глядзі таксама
Каментары